Цэнтральны раённы суд Омска да 30 студзеня арыштаваў грамадзяніна Беларусі Сяргея Ерамеева, якога абвінавацілі ў падрыве цягнікоў у тунэлі Байкала-амурскай магістралі ў Бураціі, паведамляе расейскае прапагандысцкае агенцтва ТАСС.
Гэты тэрмін ён будзе знаходзіцца ў СІЗА Омску.
Як сьцьвярджае ТАСС, на судзе беларус прызнаў віну і сказаў, што хацеў паралізаваць рух чыгункі, каб перашкодзіць перавозцы вайсковых грузаў. Паводле матэрыялаў справы, беларусу нібыта перадалі сама меней сем выбуховых прыстасаваньняў у кастрычніку і лістападзе гэтага году, ён зь Беларусі правёз выбухоўку на Далёкі Ўсход, і за гэта яму нібыта заплацілі.
Як гаворыцца ў матэрыялах справы, Сяргею Ерамееву 52 гады. Ён працуе як індывідуальны прадпрымальнік, мае двух малалетніх дзяцей, раней судзімы ня быў. У Расеі ў яго няма сталага месца рэгістрацыі. Агенцтва таксама апублікавала фота затрыманага з залі суда.
Як сьцьвярджае крыніца «Позірку», якая пажадала застацца ананімнай (імя рэдакцыі вядома), 52-гадовы Сяргей Ерамееў — былы работнік наваполацкага прадпрыемства «Нафтан», зьяўляўся прыбарыстам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. У якасьці доказу былі прадстаўленыя фатаздымак Ерамеева, ягоны службовы пропуск і заява на імя дырэктара прадпрыемства ад 25 лістапада 2020 году аб далучэньні да агульнанацыянальнага страйку.
Пра затрыманьне Ерамеева стала вядома 7 сьнежня. У распаўсюджаным расейскімі прапагандысцкімі СМІ відэазапісе беларус сказаў, што яго папрасіў перадаць пасылку ў Расею іншы грамадзянін Беларусі, які жыве ў Літве. Ягонае імя не называлі. У ФСБ Расеі заявілі, што беларус нібыта «дзейнічаў у інтарэсах украінскіх спэцслужбаў».
Выбух цягніка ў Паўночна-Муйскім тунэлі Байкала-Амурскай магістралі адбыўся 29 лістапада на перагоне паміж станцыямі Ітыкіт і Акусікан на поўначы Бураціі. Пасьля гэтага рух цягнікоў па Байкала-Амурскай магістралі арганізавалі ў абыход Паўночнамуйскага тунэля праз «Чортаў мост».
Ва Ўкраіне тады паведамлялі, што падрыў на чыгунцы ў тунэлі быў спэцыяльнай апэрацыяй Службы бясьпекі Ўкраіны.