Вайскова-патрыятычныя клюбы існавалі ў Беларусі і раней, але пасьля пратэстаў у 2020 годзе ўлады вырашылі ўзяцца за выхаваньне маладых беларусаў яшчэ больш грунтоўна. У траўні 2022 году Лукашэнка падпісаў закон аб разьвіцьці гэтых клюбаў і фінансаваньні іх зь бюджэту. У законе гаварылася, што клюбы ствараюцца па рашэньня Карпянкова.
Да лістапада 2021 году ён кіраваў ГУБАЗіКам. Шырока вядомым ён стаў пасьля таго, як разьбіў дубінкай шкло ў дзьвярах менскай кавярні O’Petit 6 верасьня 2020 году, каб затрымаць удзельнікаў мітынгу. Пазьней Карпянкоў публічна называў апазыцыю за мяжой «шалёнымі сабакамі, якія заслугоўваюць толькі аднаго — сьмерці».
«Ёсьць добрая частка жыцьця, а ёсьць кепская. Мы прапагандуем добрае, паказвае і прапагандуем сапраўдныя каштоўнасьці і сапраўдных герояў. Узор той кнігі, якую павінна прачытаць кожнае дзіця — „Мая краіна Беларусь“. Другая — кніга „Піянэры-героі“, тое, да чаго трэба імкнуцца», — сказаў Карпянкоў.
У савецкія часы выйшла каля дваццаці кніг у сэрыі «Піянэры-героі», яны прысьвечаныя дзецям-падпольшчыкам. Невядома, якую кнігу Карпянкоў меў на ўвазе пад назвай «Мая краіна Беларусь». Гэта назва тэлеграм-каналу і іншых сацсетак, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.
Магчыма, гаворка ішла пра школьны падручнік для 4 клясы «Мая радзіма Беларусь», дзе сабраныя тэксты для чытаньня па гісторыі, геаграфіі і культуры беларусаў, у тым ліку і некалькі гісторый пра савецкіх падпольшчыкаў і партызанаў Марата Казея і Канстанціна Заслонава.
Падобную назву мае кніга аўтарства Ўладзімера Арлова — «Краіна Беларусь». Гэта ілюстраваная навукова-папулярная кніга, прысьвечаная беларускай гісторыі да XX стагодзьдзя. Іншая кніга Арлова «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкi» была прызнаная летась «экстрэмісцкай».
Карпянкоў пахваліўся, што ў удзел у вайскова-патрыятычных клюбаў бяруць 2000 дзяцей. Там іх вучаць рукапашнаму бою, карыстацца зброяй і, як кажа віцэ-міністар, адданасьці краіне і гатоўнасьці бараніць яе са зброяй у руках.