Глаз сказаў, што Вашынгтон «ператварыў сваю дыпляматыю і адносіны зь іншымі краінамі ў набор мераў ціску, рэкету і шантажу», і адзначыў, што па віне ЗША «мы сёньня і назіраем вострыя супярэчнасьці ў шэрагу рэгіёнаў зямнога шара».
«Аднабаковыя санкцыі — прымітыўныя і незаконныя мэтады прымусу, спроба падпарадкаваць іншую дзяржаву сваёй волі. Таму кожны чарговы так званы пакет зьяўляецца грубым парушэньнем міжнароднага права з боку ЗША. За гэта, вядома ж, рана ці позна давядзецца несьці адказнасьць», — цытуе Глаза «Позірк».
«Санкцыі ў дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў неэфэктыўныя, а часам маюць і адваротны эфэкт», — сказаў Глаз, дадаўшы, што «любая спроба гаварыць з Беларусьсю з пазыцыі дыктату ад пачатку асуджаная на правал».
«Асобна гэтым разам стаяць, вядома, пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да (генэральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжу. — „Позірк“) Дзьмітрыя Шаўцова. Чалавек займаецца гуманітарнай дзейнасьцю, аказвае дапамогу, спрыяе аздараўленьню дзяцей з зонаў канфлікту ў нашай спакойнай краіне. Так што адыёзнасьць гэтага кроку Вашынгтона цалкам відавочная», — заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі.
Сёньня ж у Вашынгтоне прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер пракамэнтаваў новыя санкцыі, адказваючы на пытаньні беларускіх журналістаў:
«Нашае пасланьне Лукашэнку і тым, хто праводзіць рэпрэсіі, яснае і дакладнае: мы ня будзем гаварыць пра зьмену нашай палітыкі, зьмякчэньне санкцый і паляпшэньне нашых адносін, пакуль рэжым ня вызваліць усіх палітвязьняў, ня спыніць усе рэпрэсіі ў дачыненьні да беларускага народу і не перастане браць удзел у расейскай вайне супраць Украіны».
5 сьнежня ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць беларускіх фізычных і юрыдычных асобаў.
Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, якая ў рамках стратэгічнага дыялёгу з ЗША цяпер знаходзіцца з візытам у гэтай краіне, заклікала Вашынгтон зрабіць больш жорсткімі санкцыі ў дачыненьні да беларускіх уладаў і пазбавіць іх магчымасьці абыходзіць абмежаваньні.