Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэсе ЗША рыхтуюць новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі


Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт. Архіўнае фота
Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт. Архіўнае фота

Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўпершыню ўхвалілі ў ЗША ў 2004 годзе. Дакумэнт абнаўлялі ў 2006, 2011 і 2020 гадах.

У Кангрэсе ЗША рыхтуюць новы Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі, паведаміў «Позірку» асноўны аўтар дакумэнту кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт.

Паводле яго, калі дакумэнт будзе прыняты, ён стане ўжо пятым Актам аб дэмакратыі ў Беларусі. Першы дакумэнт Кангрэс ухваліў у 2004 годзе.

«Пытаньне аб тым, што адбываецца ў Беларусі, неаднаразова ўздымалася, у тым ліку і ў камітэце замежных справаў Кангрэсу, — сказаў Сьміт. — І хоць зараз крытычна важна, што мы павінны падтрымліваць Украіну і спыніць вайну, якая там ідзе, мы таксама ня можам прыбраць з нашага фокусу тое, што ў Беларусі 1500 палітвязьняў, рэпрэсіі, увесь час затрымліваюць усё новых і новых людзей. Гэта тактыка тэрору, і яна працуе».

Сміт адзначыў, што ў папярэднія гады ўдавалася дабіцца вызваленьня палітвязьняў у тым ліку праз санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі.

«Потым пачаліся размовы, што, можа, Лукашэнка не такі ўжо і кепскі. А я казаў, што ён горш няма куды, і мы павінны падтрымліваць тых, каго прыгнятаюць, а не наладжваць кантакты з тым, хто прыгнятае. І Акт аб дэмакратыі ў Беларусі якраз пра гэта: ён паўторна зацьвярджае існыя праграмы падтрымкі дэмакратызацыі Беларусі, заклікае да ўвядзеньня статусу часовай абароны для беларусаў, якія знаходзяцца ў ЗША, заклікае да санкцыяў», — заявіў суразмоўца.

З словаў Сьміта, зараз вядзецца праца сярод іншых кангрэсмэнаў, каб яны далучаліся да дакумэнту як суаўтары.

«Маем сьпіс тых, хто ўжо падтрымаў Акт аб дэмакратыі. У бліжэйшы час у мяне намечаная сустрэча зь сьпікерам Палаты прадстаўнікоў у гэтым пытаньні. І я вельмі аптымістычны наконт прыняцьця Акту. Спадзяюся, што да канца году ён будзе ўхвалены», — сказаў Сьміт.

Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўпершыню прынялі ў 2004 годзе пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка правёў рэфэрэндум, які дазволіў аднаму чалавеку (дэ-факта самому Лукашэнку) выбірацца прэзыдэнтам неабмежаваную колькасьць разоў. Дакумэнт абнаўлялі ў 2006, 2011 і 2020 гадах у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі і рэпрэсіямі, якія іх суправаджалі.

У прынятым у 2020 годзе дакумэнце падкрэсьлівалася, што Лукашэнка ня ёсьць легітымным прэзыдэнтам Беларусі, а Каардынацыйная рада называлася «легітымным інстытутам для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады». Дакумэнт пашырыў магчымасьці ЗША для санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці і незалежным СМІ.

Хто такі кангрэсмэн Сьміт?

Крыстафэр (Крыс) Сьміт — амэрыканскі палітык. Нарадзіўся ў 1953 годзе, скончыў дзяржаўны каледж Трэнтану ў спэцыялізацыі «адміністраваньне бізнэсу». Сябра Рэспубліканскай партыі з 1978 году, перад гэтым уваходзіў у Дэмакратычную партыю.

Прадстаўнік штату Нью-Джэрзі ў Кангрэсе ЗША.

У ліпені 2021 году заканадаўцы зь ніжняй палаты Кангрэсу — дэмакраты Біл Кітынг, Марсі Каптур і рэспубліканцы Крыс Сьміт і Джо Ўілсан — абвясьцілі аб заснаваньні ў Палаце прадстаўнікоў дзьвюхпартыйнага кокусу (дэпутацкай групы) пад назвай «Сябры Беларусі».

На думку заснавальнікаў кокусу, зьяўленьне ў Кангрэсе групы падтрымкі свабоднай Беларусі «стане сыгналам для ўсяго сьвету, што ЗША падтрымліваюць тых, хто імкнецца да свабоды перад абліччам прыгнёту».

«Мы падтрымліваем мужны народ Беларусі, які заслугоўвае сапраўднай дэмакратыі і змагаецца з апошнім дыктатарам Эўропы Аляксандрам Лукашэнкам і яго саўдзельнікам, расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным», — заяўляў Сьміт, які быў аўтарам законапраекту аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі 2004 году — «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі».

Крыс Сьміт быў адным з аўтараў і наступных падобных законапраектаў 2006 і 2011 гадоў. Ён ініцыяваў і прыняты Кангрэсам у 2020 годзе новы «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі ў рамках комплекснага заканадаўчага пакету».

Што гаворыцца ў «Акце аб дэмакратыі ў Беларусі»

Амэрыканскі акт аб дэмакратыі ў Беларусі:

  • заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
  • прызнае Каардынацыйную раду, створаную з ініцыятывы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
  • заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
  • падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;
  • прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
  • недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
  • заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёперадаваньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
  • прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.

Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША

Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.

На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.

Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.

Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:

  • палітычных лідэраў;
  • прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • незалежных журналістаў;
  • праваабаронцаў;
  • юрыстаў;
  • лідэраў прафсаюзаў;
  • навукоўцаў.

Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.

Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.

У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG