Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьвіслачы перайменавалі гімназію імя Кастуся Каліноўскага


Музэй Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы, 2019
Музэй Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы, 2019

Гімназію № 1 імя Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы перайменавалі ў імя падпольшчыцы Праскоўі Васіленкі.

Новая назва гімназіі № 1 зьявілася 6 сьнежня на яе афіцыйным сайце.

Аб перайменаваньні ўстановы імя Кастуся Каліноўскага ў гонар Праскоўі Васіленкі таксама паведаміла прарасейская актывістка Вольга Бондарава.

«Сябры, Сьвіслацкай гімназіі імя Каліноўскага больш не існуе: замест яе цяпер працуе гімназія № 1 імя Пашы (Праскоўі) Васіленкі!» — напісала Бондарава.

Сьвіслацкая гімназія — адна з найстарэйшых установаў адукацыі Горадзеншчыны. Яе адкрылі 18 верасьня 1804 году.

Гімназія № 1 была адзінай ўстановай адукацыі ў Беларусі, якая насіла імя нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага.

Менавіта ў гэтай гімназіі (тады называлася Сьвіслацкая павятовая вучэльня) у 1847–1852 гг. вучыўся сам Кастусь Каліноўскі. У гімназіі быў і школьны музэй з экспазыцыяй, прысьвечанай жыцьцю Каліноўскага і паўстаньню 1863 году, там жа быў і яго бюст, але цяпер нічога гэтага няма, паведамляе Motolko.help.

Рашэньне аб перайменаваьнні сьвіслацкай гімназіі прынялі 1 сьнежня. Афіцыйных паведамленьняў аб тым, што навучальная ўстанова зьмяніла сваё імя, не было, але пра гэта «Нашай ніве» паведамілі чытачы.

Па іх словах, кіраўніцтва гімназіі тлумачыць пераназваньне тым, што нібыта «паводле дакумэнтаў аб прысваеньні імені ўстанове адукацыі прыярытэт аддаецца героям Вялікай Айчыннай вайны, а сваякі згодныя, каб навучальная ўстанова насіла іх прозьвішча».

Імя Кастуся Каліноўскага Сьвіслацкай школе № 1 было прысвоена ў 1987 годзе пастановаю Міністэрства асьветы БССР. У 2005 годзе школу рэарганізавалі ў гімназію, пакінуўшы ёй імя героя беларускай гісторыі.

У аддзеле адукацыі Свіслацкага райвыканкаму на пытаньне аб прычынах пераназваньня гімназіі адказалі, што «асоба Каліноўскага на сёньняшні дзень не зьяўляецца такой папулярнай, таму і прынялі такое рашэньне».

Праскоўя Васіленка — падпольшчыца, закатаваная гітлераўцамі ў 21 год. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР дзяўчына ўступіла ў камсамол, у калгасе працавала трактарысткай. Падчас вайны дапамагала партызанам.

Кім быў Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі — адзін зь лідэраў нацыянальна-вызваленчага паўстаньня беларусаў, палякаў і літоўцаў 1863-1864 гадоў. Ён стаў нацыянальным героем беларусаў. Паўстанцкія атрады, узначаленыя Каліноўскім, дзейнічалі ў асноўным на тэрыторыі цяперашняй Беларусі і вялі ўзброеную барацьбу з войскамі Расейскай імпэрыі. Каліноўскі заснаваў і выдаваў першую беларускую газэту «Мужыцкая праўда».

Паўстаньне Каліноўскага расейцы разграмілі. У студзені 1864 году Каліноўскага схапілі царскія жандары ў Вільні. Ваенна-палявы суд пакараў яго сьмерцю. Каліноўскага павесілі 22 сакавіка 1864 года на Лукіскім пляцы ў Вільні. Яму было 26 гадоў. Ягоныя парэшткі былі знойдзеныя і ўрачыста перапахаваныя ў 2019 годзе.

Цяпер імя Кастуся Каліноўскага носіць асобнае падразьдзяленьне, што складаецца з грамадзян Беларусі, якое ўвайшло ў склад Узброеных сіл Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG