Намесьнік сакратара Рады бясьпекі Расеі Аляксей Шаўцоў заявіў у інтэрвію «Российской газете», што ў Беларусі спрабавалі насадзіць празаходні рэжым, але спроба правалілася, і зараз Захад вядзе працу, каб сапсаваць адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй.
«Заходнія краіны яшчэ да спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ўзмацнілі вайскова-палітычны і эканамічны ціск на Менск, адкрыта спансіравалі беларускіх „змагараў“, рыхтавалі баевікоў. Па сутнасьці, з краіны хацелі зрабіць другую Ўкраіну, яшчэ адну „анты-Расею“. Спроба зладзіць дзяржаўны пераварот, насадзіць у Менску празаходні рэжым і ўключыць краіну ў антырасейскі „канфліктны пэрымэтар“ правалілася — занадта моцнай аказалася ў беларускага народу гістарычная памяць. Тады нашыя ворагі перайшлі да адкрытай канфрантацыі і санкцыйнага ціску, не спыняючы працы, у тым ліку ідэалягічнай і прапагандысцкай, над унясеньнем разладу ў нашы адносіны», — заявіў Шаўцоў.
Ён таксама выказаўся наконт лідэра паўстаньня 1863-1865 гадоў Кастуся Каліноўскага.
«Невыпадкова, дарэчы, ва Ўкраіне, у Польшчы і Прыбалтыцы зараз інтэнсіўна раскручваюць фігуру Канстанціна ці, на беларускі манер, Кастуся Каліноўскага, — актыўнага ўдзельніка польскага паўстаньня 1860-х гадоў. Сёньня яго, гэтак жа як і Бандэру, імкнуцца прадставіць змагаром за нацыянальную самасьвядомасьць, а па сутнасьці яго бандыты разьвязалі тэрор супраць мясцовага насельніцтва і забілі значна больш простых беларускіх сялянаў, чым салдаты царскай арміі», — заявіў намесьнік сакратара Рады бясьпекі РФ Аляксей Шаўцоў.
16 траўня ў артыкуле ў «Беларусь сёньня» кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка заявіў, што ня лічыць Каліноўскага нацыянальным героем Беларусі. «Сёньня на асобе гэтага так званага героя, на прыкладзе ягонай барацьбы за ідэю аднаўленьня польскай Рэчы Паспалітай гуляе вонкавы вораг, спрабуючы ўбіць клін паміж братэрскімі народамі, раскалоць грамадзтва ўнутры адной краіны», — напісаў тады Сергеенка.