Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве прэзэнтавалі кнігу з гравюрамі польскага мастака Артура Гротгера аб паўстаньні Каліноўскага


Адна з гравюр Артура Гротгера з кнігі, выдадзенай у 2023 годзе ва ўкраінскім выдавецтве супольна з польскім Цэнтрам дыялёгу
Адна з гравюр Артура Гротгера з кнігі, выдадзенай у 2023 годзе ва ўкраінскім выдавецтве супольна з польскім Цэнтрам дыялёгу

Артур Гротгер — польскі мастак, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Львоўскай вобласьці. У Горадні ў яго гонар назвалі адну з вуліц.

У Кіеве прадставілі выданьне «Барацьба супраць Расейскай імпэрыі ў гравюрах Артура Гротгера», у якім расказваецца пра паўстаньне 1863-1864 гадоў, якое ў Беларусі называюць паўстаньнем Кастуся Каліноўскага.

«Гэта пяць сэрый гравюр: „Варшава-1“, „Варшава-2“, „Палонія“, „Літовія“ і „Вільня“. Гэта надзвычайныя гравюры, створаныя ў стылі рамантызму. Гэта клясыка рамантычнага мастацтва ў Эўропе таго часу і ва Ўсходняй Эўропе таксама. Вельмі прыгожыя вобразы, яны завершаныя і цудоўныя. У той жа час яны напоўненыя дзіўнай духоўнай веліччу, гераізмам, патрыятызмам і смуткам. Студзеньскае паўстаньне падказвае, гаворыць, што нам трэба абавязкова перамагчы ворага», — сказала галоўная рэдактарка ўкраінскага выдавецтва «Мистецтво» Ніна Прыбега. Яна завяршыла свой выступ словамі «Слава Польшчы! Слава Ўкраіне!».

Віцэ-дырэктар Цэнтру дыялёгу імя Юліюша Мерашэўскага Лукаш Адамскі назваў Студзеньскае паўстаньне «апошняй супольнай барацьбой народаў рэгіёну» супраць Маскоўскай імпэрыі, нягледзячы на тое, што яго ў савецкай гісторыі адзначалі як выключна польскае.

«Беларусы гэта разумеюць, прынамсі тыя беларусы, якія не падтрымліваюць уладу Аляксандра Лукашэнкі. Камісар нацыянальнага ўраду Літвы Вінцэнт Кастусь Каліноўскі зьяўляецца цяпер нацыянальным героем у Беларусі, ёсьць нават полк імя Каліноўскага. Калі гэта вядома ў Беларусі і ў Літве, то ва Ўкраіне, з розных прычын, пра гэтае паўстаньне было мала вядома, і нават у падручніках па гісторыі яго прадстаўляюць паводле савецкіх узораў», — сказаў Лукаш Адамскі.

«Па-першае, гэта апошняя супольная барацьба насельніцтва колішняй Рэчы Паспалітай супраць Масквы, а па-другое, гэта гісторыя, якая паказвае мінулае Ўкраіны як эўрапейскай краіны, а гэта палітычна вельмі важна, бо ў некаторых краінах Заходняй Эўропы вельмі часта гісторыя Ўкраіны інтэрпрэтуецца ў ключы традыцыйнай схемы расейскай гісторыі. А гэта фундамэнтальнае непаразуменьне. І праз такія супольныя ініцыятывы мы можам паказваць, што мінулае Ўкраіны і Беларусі — гэта пераважна гісторыя эўрапейскіх краін», — сказаў Лукаш Адамскі.

«Памяць пра гэтае паўстаньне ўзмацняе сувязь між народамі гэтага рэгіёну — беларусамі, літоўцамі, палякамі і ўкраінцамі», — перакананы віцэ-дырэктар Цэнтру дыялёгу імя Юліуша Мерошаўскага.

Кніга зьяўляецца супольным выданьнем украінскага выдавецтва «Мистецтво» і Цэнтру дыялёгу імя Юліуша Мерошаўскага (дзяржаўная ўстанова Польшчы, створаная ў 2022 годзе паводле адмысловага закону для ўзмацненьня дыялёгу Польшчы з народамі Ўсходняй Эўропы. — РС).

«Галоўная мэта такіх супольных праектаў — аб’яднаць польскі і ўкраінскі народы, і, маю надзею, беларускі», — дадаў дырэктар выдавецтва «Мистецтво» Сяргей Паначоўны.

Артур Гротгер — польскі мастак, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Львоўскай вобласьці. У Горадні ў яго гонар назвалі адну з вуліц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG