Больш за 58 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусі паведамілі, што маюць дакумэнты замежных дзяржаў: больш за 36,5 тысячы — органам унутраных справаў, яшчэ 22 тысячы — дыпляматычным прадстаўніцтвам і консульскім установам.
Пра гэта дзяржаўнай прэсе расказаў начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун.
«І гэтыя дакумэнты надалей прыбываюць», — сказаў ён.
У ліпені пачала дзейнічаць новая рэдакцыя закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусі». Беларусы абавязаныя ў трохмесячны тэрмін паведаміць уладам, што маюць другое грамадзянства, дазвол на жыхарства ці іншы дакумэнт замежнай дзяржавы, які дае права на льготы.
У верасьні Бягун заявіў, што ў органы зьвярнуліся больш за 6,5 тысячы чалавек.
Адказнасьці за адсутнасьць паведамленьня аб наяўнасьці згаданых дакумэнтаў пакуль няма.
Раней у Менску расказалі пра тое, як беларусы мусяць паведамляць пра грамадзянства замежнай дзяржавы або дазвол на жыхарства ў ёй. Інфармацыю можна падаць праз адзіны партал электронных паслуг (platform.gov.by), асабіста прыйсьці ў органы ўнутраных справаў або дыпляматычнай службы, а таксама праз інфармацыйную сыстэму ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асобаў.