Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам бяз розьніцы». Ці праўда, што зь Беларусі не выпускаюць тых, хто не паведаміў у органы пра дазвол на жыхарства ў іншай краіне


Пашпартны кантроль у менскім аэрапорце. Архіўнае фота
Пашпартны кантроль у менскім аэрапорце. Архіўнае фота

Чарговы раз зьявілася інфармацыя пра тое, што беларуса не выпусьцілі за мяжу, бо ён не паведаміў пра ДНЖ у іншай краіне. Праверылі, што адбываецца.

Улетку беларускія ўлады прынялі папраўкі ў закон «Аб грамадзянстве». Сярод іншага, увялі такую норму — абавязкова паведамляць у міліцыю ці амбасаду пра наяўнасьць дазволу на жыхарства ў іншай краіне альбо атрыманую «карту паляка». Пачынаючы з кастрычніка, у чатах і тэлеграм-каналах эмігрантаў пачалі зьяўляцца паведамленьні аб тым, што кагосьці нібы не выпусьцілі зь Беларусі за тое, што чалавек не паведаміў у органы аб дазволе на жыхарства ў краіне Эўразьвязу. Днямі пра такую сытуацыю напісалі візавыя пасярэднікі, агенцтва Tutvisa. Паводле гэтай інфармацыі, беларуса нібыта ня выпусьцілі за мяжу, бо ён не паведаміў пра дазвол на жыхарства.

Аднак, як расказалі суразмоўцы Свабоды, якія нядаўна перасякалі мяжу, праблемы з дазволам на жыхарства ўзьнікаюць не ва ўсіх выпадках.

«Гэта на якую зьмену трапіш, на якога канкрэтна памежніка. Некага выпускаюць без праблем. Часам трапляеш на выпадак, калі не выпускаюць», — падзяліўся суразмоўца Свабоды.

Некалькі нашых крыніц спакойна прайшлі мяжу, хоць маюць дазвол на жыхарства і не паведамлялі пра яго беларускім уладам.

«Выяжджала ў канцы лістапада, маю дазвол на жыхарства ў Польшчы. На мяжы глядзелі толькі пашпарт, больш нічога не пыталіся», — піша карыстальніца з эмігранцкай суполкі.

«Не падымайце панікі! Усе езьдзяць, усіх выпускаюць», — піша іншы карыстальнік.

Як паведаміла Свабодзе ананімная крыніца, якая тэлефанавала ў Памежны камітэт, каб высьветліць нюансы паездкі ў Беларусь, не паведамляючы ўладам пра свой дазвол на жыхарства ў Польшчы, памежнікі гэтым пытаньнем не займаюцца ўвогуле. На «гарачай лініі» Памежнага камітэту адказалі, што «ніякіх праблемаў няма, бярыце свой беларускі пашпарт і едзьце».

«Нам бяз розьніцы. Мы бяром толькі ваш беларускі пашпарт і правяраем. Калі нехта недзе нешта, то зьвяртайцеся ў аддзел грамадзянства і міграцыі па месцы жыхарства. У іх пытайцеся. Нам нічога ня трэба. Іншыя людзі будуць з вамі размаўляць, памежнікам гэта ня трэба. Усе базы ў нас належаць Міністэрству ўнутраных спраў. Калі ў вас будзе нейкае абмежаваньне, вам паведамяць і вы будзеце разьбірацца зь Міністэрствам унутраных спраў», — цытуе суразмоўца супрацоўніка Памежнага камітэту Беларусі.

Па словах той жа крыніцы, пра магчымыя праблемы на мяжы ёй паведамілі ў аддзеле грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РАУС Берасьця. Там расказалі, што ўсе грамадзяне Беларусі з дазволамі на жыхарства ў іншых краінах абавязаныя інфармаваць аб гэтым улады. Пры гэтым форму адказнасьці ў выпадку адмовы паведамляць пра гэта ў аддзеле патлумачыць не змаглі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG