29 лістапада Фэмгруппа Каардынацыйнай рады правяла сэмінар «Гаворым гвалту „не“», дзе сьпікерка Віторыя Лаўрынюк расказала пра тое, як пабудаваная піраміда гвалту і якім чынам гендэрныя стэрэатыпы спрыяюць яго распаўсюджаньню. А таксама пра Манрэальскую разьню і як гэта падзея паўплывала на разьвіцьцё фэміністычнага руху.
Таксама Вікторыя расказала пра тое, як зьмянілася сытуацыя з хатнім гвалтам у Беларусі пасьля падзей 2020 году.
Сэмінар адбыўся ў межах Міжнароднай кампаніі барацьбы з гвалтам у адносінах да жанчын і дзячатак «16 актыўных дзён супраць гендэрна арыентаванага гвалту», якая праходзіць штогод з 25 лістапада па 10 сьнежня.
У 2022 годзе Вікторыя рабіла дасьледаваньне, каб атрымаць дадзеныя, што адбываецца з хатнім гвалтам у дачыненьні да беларусак. Туды трапіла частка беларусак, якія выехалі з радзімы пасьля 2020 году.
Вікторыя Лаўрынюк — удзельніца Фэмгрупы КР, дактарантка, вывучае гендэрна арыентаваны гвалт і сыстэмную дыскрымінацыю жанчын і ўразьлівых групаў.
«У 2018 годзе Інстытут сацыялёгіі пры Акадэміі навук на заказ UNFPA (Фонд ААН у галіне народанасельніцтва. — РС) праводзіў дасьледаваньне паводле мэтадалёгіі САЗ, дзе вымяраўся ўзровень хатняга гвалту. Такое дасьледаваньне праводзіцца ў шмат якіх краінах і тэндэнцыя прыкладна аднолькавая: кожная трэцяя жанчына цярпіць ад хатняга гвалту».
Дасьледаваньне Вікторыі ў 2022 годзе паказала некаторыя тэндэнцыі, гаворыць аўтарка.
«У Беларусі закрылася большасьць сацыяльных службаў дапамогі пацярпелым жанчынам, закону (супраць хатняга гвалту. — РС) як не было, так і няма; таксама мы ведаем пра выпадкі, калі ахвяры зьвяртаюцца ў міліцыю па дапамогу, а там перш за ўсё глядзяць на ляяльнасьць да дзяржавы, правяраюць тэлефоны ахвяраў на прадмет падпіскі на экстрэмісцкія каналы, фатаздымкі і гэтак далей».
«Сацыяльныя службы ціснуць на палітычна актыўных бацькоў»
Атрымліваецца, няма службаў, якія могуць дапамагчы жанчынам, а міліцыя яшчэ і ўключае мэханізмы рэпрэсій у дачыненьні да іх, кажа Вікторыя.
«Таксама працягвае існаваць дэкрэт пра сацыяльна небясьпечнае становішча, і гэта адна з праблем. Калі жанчына зьвяртаецца па дапамогу, нават у міліцыю ці ў крызісныя пакоі, калі ў яе ёсьць дзеці, яны аўтаматычна трапляюць у сытуацыю сацыяльна небясьпечнага становішча. Гэта значыць, што калі на працягу паўгода сытуацыя з хатнім гвалтам не вырашаецца, то дзяцей зь сям’і забіраюць».
І гэта ня проста паўгода даецца на вырашэньне праблемы з хатнім гвалтам, а гэта праверкі і камісіі, падкрэсьлівае Вікторыя.
«Мы ведаем выпадкі, калі такія сацыяльныя службы пералічваюць колькасьць ёгуртаў у лядоўні, ціснуць на палітычна актыўных бацькоў, замест таго, каб знайсьці шлях, як дапамагчы жанчыне. А рэальна сацыяльныя службы патрэбныя, каб дапамагчы юрыдычна, фінансава, каб аказаць сацыяльную падтрымку, даць прытулак і гэтак далей».
«Таталітарны кантроль у нас на ўзроўні цела зашыты»
Паводле дасьледаваньня Вікторыі, узровень гвалту, які перажывалі жанчыны ў Беларусі і за яе межамі, прыкладна аднолькавы. І прыблізна аднолькава жанчыны не зьвярталіся па дапамогу, кажа Вікторыя.
«У тых краінах, куды пераяжджае большасьць беларусаў і беларусак (Польшча, Літва, Нямеччына), існуюць добрыя сыстэмы і магчымасьці для падтрымкі. Але жанчыны не зьвяртаюцца па дапамогу. Бо існуе іншая праблема — уключаецца страх, прывезены зь Беларусі. Я неяк вывучала тэму таталітарнага кантролю, які ў нас на ўзроўні цела зашыты, і я не ведаю, колькі трэба гадоў, каб ад гэтага пазбавіцца, каб пайсьці ў паліцыю ці кудысьці папрасіць дапамогі».
«Агрэсар ізалюе жанчыну ад сацыяльных сувязяў»
Таксама важна разумець пра элемэнт улады і кантролю ў сыстэме гвалту.
«Агрэсар ізалюе жанчыну ад сацыяльных сувязяў, каб у яе не заставалася сетак падтрымкі: „Навошта табе гэтыя сяброўкі? Яны дрэнныя, яны табе не патрэбны. Бацькі табе нешта дрэннае пра мяне гавораць“. Такім чынам жанчына „асядае“ дома і кантактуе толькі з агрэсарам».
Гэтую схему добра відаць на прыкладзе дэкрэтнага водпуску, які становіцца фактарам рызыкі для павялічэньня хатняга гвалту.
«Калі жанчына застаецца зь дзіцем сам-насам, адбываецца сацыяльная ізаляцыя. І калі жанчына пераяжджае з партнэрам, тое, што гэта новая краіна, яна ня ведае мовы, ня ведае законаў, адсутнічаюць сеткі падтрымкі, якія ў яе былі ў Беларусі, гэта ўсё ізалюе ад грамадзтва і не спрыяе таму, каб жанчына актыўна шукала дапамогі. Гэта ўсё фактары рызыкі».
Вікторыя кажа, што цяпер правесьці якаснае дасьледаваньне з пацярпелымі нерэальна.
«Большасьць запалоханыя і ня хочуць кантактаваць. Калі яны ня хочуць зьвяртацца нават на лініі падтрымкі, то што ж казаць пра тое, каб сустрэцца з дасьледчыцай і пагаварыць, каб зразумець, што стаіць за страхам, зь якімі праблемамі яны сутыкаюцца. Ня ведаю, калі мы зможам дасьледаваць гэтую тэму, каб асьвятліць, праз што праходзяць жанчыны ў Беларусі і за яе межамі».