Праграма рэалізуецца пры падтрымцы міністэрстваў замежных спраў Польшчы і Францыі, Варшаўскага ўнівэрсытэту і «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня». Пра гэта паведаміў афіцыйны канал Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі.
Курс накіраваны на падрыхтоўку маладых беларускіх дыпляматычных кадраў і будзе ахопліваць аналіз палітычнай сытуацыі ў Беларусі і на постсавецкай прасторы, тэорыю і практыку палітыкі, замежную палітыку і палітыку бясьпекі, дыпляматычны пратакол, міжнароднае права і іншае.
На адкрыцьці выступіў кіраўнік НАУ Павал Латушка, які вітаў тых, хто будзе ствараць новую дыпляматыю новай Беларусі.
«Асабліва важна, каб дыпляматычныя кадры ў новай Беларусі былі падрыхтаваныя прыняць адказнасьць за замежную палітыку ў транзытны пэрыяд. Для гэтага трэба рыхтавацца ўжо сёньня».
Навучаньне будзе адбывацца ў супрацоўніцтве з Дыпляматычнай акадэміяй МЗС Польшчы з удзелам дасьведчаных выкладчыкаў і дыпляматаў Акадэміі, высокапастаўленых супрацоўнікаў МЗС і выкладчыкаў ВНУ. У праграме таксама прадугледжваюцца лекцыі беларускіх дыпляматаў і прадстаўнікоў НАУ Паўла Латушкі і Ўладзіміра Астапенкі.
На імпрэзе выступілі пасол Францыі ў Варшаве Эцьен дэ Пансэн, прадстаўнік дыпляматычнай службы МЗС Польшчы Пётр Рыхлік, дырэктар Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўніверсытэту Ян Маліцкі.
Сёлета ў праграме беларускіх дыпляматаў удзельнічае 21 слухач. За тры гады праграму навучаньня скончылі каля 60 выпускнікоў, многія зь якіх працуюць у Аб’яднаным пераходным кабінэце, Офісе Сьвятланы Ціханоўскай, НАУ, зьяўляюцца сябрамі Каардынацыйнай рады.
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.