Моцны снег і да мінус 6 градусаў чакаюцца сёньня ў Беларусі. Міністэрства надзвычайных сытуацый паведамляе пра фактары небясьпекі: павелічэньне імавернасьці ДТЗ, абрываў ліній электраперадач, абвальваньне дрэваў і дахаў ды іншае.
Як паведамляе агенцтва Мінск-Навіны, на расчыстцы прыдамавых тэрыторый ад сьнегу ў Менску працуюць 145 адзінак тэхнікі і 2051 працаўнік ЖКГ. Больш за 2 тысячы камунальнікаў прыбіраюць снег у менскіх дварах.
У Менску сёньня запрацаваў сьнегаплавільны пункт, які дзейнічае з 2016 году. Яго магутнасьць — 5 тысяч квадратных мэтраў сьнегу за дзень, што эквівалентна 333 грузавікам сьнегу.
У горадзе адкрылі пункты выдачы шанцавага інструмэнту жыхарам, якія працуюць з 6:30 да 21:00.
З 21 па 30 лістапада ў Беларусі зарэгістравалі 1 тысячу 773 пацярпелых ад галалёдных і холадавых траўмаў, у тым ліку 381 дзіця.
Больш за ўсё пацярпелых зарэгістравана ў Менскай вобласьці — 358. У Менску пацярпелі 150 чалавек, зь іх 22 шпіталізаваныя.
На 30 лістапада ў Беларусі аб'яўлены аранжавы ўзровень небясьпекі праз моцны сьнегапад.