Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі падоўжылі акрэдытацыю карпунктаў двух расейскіх СМІ, карэспандэнтаў заходніх СМІ ў Менску не засталося


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У кастрычніку 2020 году, пасьля масавых акцый пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, Міністэрства замежных спраў Беларусі анулявала акрэдытацыі ўсім замежным журналістам, якія працавалі ў Беларусі.

Урад Беларусі прадоўжыў яшчэ на год тэрмін дзеяньня пасьведчаньняў аб адкрыцьці карэспандэнцкіх пунктаў двух расейскіх СМІ — інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» і тэлекампаніі НТВ.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове Савету Міністраў, акрэдытацыю інфармацыйнага агенцтва прадоўжылі да 2 сьнежня 2024 году, а тэлеканалу НТВ — да 6 сьнежня наступнага году.

Пастанову падпісаў кіраўнік ураду Раман Галоўчанка.

У кастрычніку 2020 году, пасьля масавых акцый пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, Міністэрства замежных спраў Беларусі анулявала акрэдытацыі ўсім замежным журналістам, якія працавалі ў Беларусі. Было заяўлена аб пераакрэдытацыі паводле новага палажэньня Савету Міністраў.

У ліпені 2023 году ўлады Беларусі анулявалі акрэдытацыю апошняму карэспандэнту з краін Захаду, які працаваў у Менску, Юстыне Прус польскага інфармагенцтва РАР. Камітэт дзяржаўнай бясьпекі забараніў уезд у Беларусь Юстыне Прус, якая працавала ў краіне з 2016 году. Цягам усяго пэрыяду працы ў Беларусі карэспандэнтка РАР мела акрэдытацыю ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам.

Прус знаходзілася ў Беларусі падчас масавых пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, асьвятляла міграцыйны крызіс, які пачаўся ў 2021 годзе.

Першага ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», якія яшчэ больш абмежавалі свабоду слова ў краіне.

Сярод іншага прадугледжваецца «магчымасьць увядзеньня забароны на дзейнасьць замежных СМІ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку праяў замежнымі дзяржавамі недружалюбных дзеяньняў у дачыненьні беларускіх СМІ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG