Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі знайшлі «арганізатараў» мігранцкага крызісу на мяжы з Эўразьвязам


Супрацоўнікі ФСБ у часе адной з сваіх апэрацый. Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікі ФСБ у часе адной з сваіх апэрацый. Ілюстрацыйнае фота

Затрымалі 5 грамадзян, у тым ліку «этнічных украінцаў».

У Фэдэральнай службе бясьпекі (ФСБ) Расеі паведамілі пра выкрыцьцё «міжрэгіянальнай групы, якая спэцыялізавалася за грашовае ўзнагароджаньне на арганізацыі ўезду і транзытнага перамяшчэньня праз Расею ў краіны Эўразьвязу выхадцаў з афрыканскага кантынэнту».

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, у склад злачыннай групы ўваходзілі «этнічныя ўкраінцы, нігерыйцы, а таксама грамадзяне Расеі».

«Аб’ём злачыннага даходу ў пэрыяд з 2021 году да цяперашняга часу склаў ня менш за 60 мільёнаў рублёў (крыху больш за 400 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС). Арганізатарам злачыннай групы зьяўляўся грамадзянін Нігерыі, які працаваў на пасадзе старшага выкладчыка інжынэрнай акадэміі Расейскага ўнівэрсытэту дружбы народаў імя П. Лумумбы», — адзначылі ў ФСБ.

У межах справы, якую завялі ў сталічным упраўленьні МУС, правялі 25 ператрусаў, а таксама дапыталі больш за 25 сьведак. У часе вобшукаў знайшлі «значны аб’ём міграцыйных дакумэнтаў, у тым ліку нацыянальныя пашпарты грамадзян Нігерыі, электронныя сродкі сувязі і ПЭВМ, а таксама атрыманыя злачынным шляхам грашовыя сродкі».

У штодзёньніках, мабільных тэлефонах, кампутарах фігурантаў справы «знайшлі дакумэнтальныя матэрыялы, якія пацьвярджаюць іх супрацьпраўную дзейнасьць».

«Апроч таго, у адным з домаўладаньняў ва Ўладзімірскай вобласьці выявілі і перадалі супрацоўнікам паліцыі трох расейскіх грамадзян, ураджэнцаў маскоўскага рэгіёну, якіх цягам доўгага часу незаконна ўтрымлівалі і эксплюатавалі», — паведамілі ў ФСБ.

У межах справы пяць актыўных удзельнікаў гэтай групы затрымалі. Цяпер зь імі праводзяць сьледчыя дзеяньні. Працягваюцца таксама апэратыўныя мерапрыемствы для ідэнтыфікацыі іх саўдзельнікаў.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу працягваецца зь вясны 2021 году да сёньня. У заходніх краінах перакананыя, што яго наўмысна арганізавалі ўлады Расеі і Беларусі.
  • У 2023 годзе фінская памежная служба зафіксавала рэзкі рост колькасьці мігрантаў, якія прыбываюць у краіну з Расеі і падаюць прашэньне на прытулак. У асноўным гэта выхадцы з краінаў Афрыкі, Цэнтральнай Азіі і Блізкага Ўсходу. Паводле дадзеных памежнікаў, у лістападзе мінулага году ў Фінляндыю з Расеі заехалі каля 900 мігрантаў з такіх краінаў, як Кенія, Марока, Самалі, Емэн, Сырыя, Пакістан. Фінскія ўлады абвінавацілі Расею ў выкарыстаньні міграцыі для палітычнага ціску на Фінляндыю і закрылі ўсе сухапутныя памежныя пераходы на мяжы з Расеяй. Расея абвінавачаньні адкідае.
  • З пачатку 2024 году краіны Эўразьвязу папярэдзілі 30 022 спробы незаконнага пранікненьня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі. 83,9% спробаў нелегальнай міграцыі прыпала на Польшчу (25 180), 14,2% — на Латвію (4257), 1,9% — на Літву (585).

    За аналягічны пэрыяд мінулага году зафіксавалі 30 697 спробаў (42 078 за ўвесь год). З пачатку верасьня напружанасьць на мяжы Беларусі і Эўразьвязу пачала павялічвацца.
  • 12 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што даручыў папярэджваць мігрантаў, каб тыя ня ехалі ў Беларусь, спрабуючы трапіць у ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG