Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільён імёнаў арыштаваных. Зьявілася новая база зьвестак аб рэпрэсіях у Беларусі


Крыжы ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам, месцы пахаваньняў ахвяраў сталінізму
Крыжы ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам, месцы пахаваньняў ахвяраў сталінізму

Прэзэнтацыя праекту адбудзецца 1 сьнежня ва Ўроцлаве. Усяго ў базе, «зьлітай» з МУС, імёны мільёна асуджаных у пэрыяд з 1917-га па 1990-я гады.

Каардынатарка праекту ад ініцыятывы ByProsvet Яніна (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у размове са Свабодай расказала, што база асуджаных была «зьлітая» з МУС Беларусі.

«База пачынаецца з 1917 году — гэты пэрыяд называюць „чырвоным тэрорам“. І зьмяшчае зьвесткі да 1990-х: там і 1930-я гады, і пасьляваенныя. І мы — ініцыятыва ByProsvet разам зь BelPol — апрацоўваем гэту базу. Там каля мільёна запісаў. Праўда, у базе ня толькі рэпрэсаваныя, там усе асуджаныя. Нам вельмі важна вылучыць з гэтай базы менавіта рэпрэсаваных. Гэта могуць быць прысуды з найвышэйшай мерай пакараньня, вялікія тэрміны з накіраваньнем у папраўча-працоўныя лягеры.

Мы цяпер працуем непасрэдна над першым этапам, так званым „чырвоным тэрорам“ — з 1917-га па 1923 год. Зрабілі аналіз гэтых дадзеных і падрыхтавалі графікі, па якіх вельмі добра відаць, у якія гады былі ўспышкі гэтых рэпрэсій, калі было больш расстрэлаў. І на падставе гэтага аналізу, графікаў дасьледчыкі будуць працаваць далей», — расказвае Яніна.

Усяго падчас «чырвонага тэрору» з 1917-га па 1923 год, паводле гэтай базы, было асуджана 3306 чалавек. У 1917 годзе трое былі расстраляныя, адзін чалавек атрымаў 8 гадоў лягеру, усяго ў лягеры было накіравана 35 чалавек. У 1989 годзе 9 чалавек з асуджаных у 1917 годзе рэабілітавалі. Але, магчыма, гэта недакладныя лічбы, кажа Яніна.

Зараз працуюць у асноўным праграмісты, каб аўтаматызаваць гэты працэс, тлумачыць прадстаўніца ініцыятывы ByProsvet.

«Бо мануальна, уручную, гэта вельмі цяжка зрабіць. У базе мільён запісаў — можна патануць у такім моры. Гэта ня поўная, падрабязная інфармацыя, гэта ня справы з КДБ, а проста запісы кшталту: прозьвішча, імя; калі рэпрэсаваны; назва органу, які рэпрэсаваў. У базе ня толькі беларусы, але і расейцы, палякі. Мы хочам здабыць інфармацыю пра ўсіх гэтых людзей», — кажа Яніна.

У Беларусі дагэтуль няма поўнай базы рэпрэсаваных

Да аналізу і вывучэньня базы далучыўся дасьледчык сталінскіх рэпрэсій на Аршаншчыне Ігар Станкевіч. Ён кажа, што ў базе зьвестак няшмат: прозьвішча, дата нараджэньня, месца, дзе яны жылі. І яшчэ апісаньне крымінальных артыкулаў, паводле якіх людзей асудзілі. Таксама пазначана, ці быў чалавек рэабілітаваны.

Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы». Архіўнае фота 2018 году
Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы». Архіўнае фота 2018 году

«Таму ўсё адно трэба лезьці ў гэтую базу ручкамі і праглядаць кожны запіс. Ня ведаю, ці магчыма гэта альгарытмізаваць.

Наступным крокам, думаю, гэтыя базы трэба будзе супаставіць з тымі, якія ўжо апублікаваныя. Але трэба разумець, што ня ўсе базы поўныя. Наколькі я ведаю, у „Картатэцы Сталіна“ ўсяго 60 тысяч імёнаў. Гэта толькі траціна ад таго, што ёсьць у Нацыянальным архіве і чвэрць ад колькасьці, названай калісьці КДБ — 235 тысяч спраў асуджаных паводле крымінальных артыкулаў», — тлумачыць Ігар Станкевіч.

Але гэта яшчэ ня ўсё, удакладняе дасьледчык, бо няма ў гэтых базах раскулачаных, сасланых — яны не траплялі пад крымінальныя артыкулы, іх судзілі паводле адміністрацыйных працэдур альбо запісвалі толькі ў «амбарных» кнігах, куды чалавека саслалі.

Новыя імёны рэпрэсаваных

Ігар Станкевіч выказаў спадзеў, што будуць адкрытыя новыя імёны. Дасьледчык заўважыў, што вялікая колькасьць прысудаў прыпадае на пасьляваенны пэрыяд. Большасьць гэтых людзей не былі рэабілітаваныя, таму іх няма ў іншых базах.

«Ёсьць спадзеў, што зьявяцца новыя імёны рэпрэсаваных. Я правяраў некалькі імёнаў — іх няма ў іншых адкрытых базах. Ёсьць шанец, што тыя адкрытыя базы, якія ўжо існуюць, можна дапоўніць.

Агульнанацыянальнага сьпісу, апроч таго, што ў Нацыянальным архіве („База неабгрунтавана рэпрэсаваных жыхароў Беларусі“, якую ў 2018 годзе незаконна схавалі), няма. Магчыма, найбольш поўныя сьпісы ёсьць у КДБ», — мяркуе Ігар Станкевіч.

Асноўная мэта — зрабіць гэту інфармацыю публічнай, адкрытай для ўсіх, лічыць каардынатарка праекту ByProsvet Яніна.

«Мы працуем дзеля таго, каб зрабіць праект, сайт, падобны да расейскага „Мэмарыялу“, дзе апублікуем сьпісы і расстраляных, і рэпрэсаваных, зробім нейкую мапу, дзе ажыцьцяўляліся гэтыя расстрэлы, рэпрэсіі.

У нас даволі маленькая каманда. Будзем радыя, калі хтосьці захоча далучыцца», — запрашае ахвотных дапамагчы каардынатарка праекту ByProsvet.

Яніна кажа, што па ўсіх пытаннях і прапановах можна зьвярнуцца праз тэлеграм-бот @by_prosvet_feedback_bot.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG