Галоўчанка заявіў, што ўкараненьне сыстэмы аналізу цэнаў на тавары — гэта ня нейкая дадатковая сыстэма кантролю, а сыстэма падтрымкі прыняцьця рашэньняў. Рэалізацыя пілётнага праекту ў выбудоўваньні сыстэмы аўтаматызаванага аналізу цэнаў на тавары замежнай вытворчасьці, якія пастаўляюцца на ўнутраны рынак, стала тэмай рабочай сустрэчы ў Дзяржаўным мытным камітэце з удзелам прэмʼер-міністра.
Кіраўнік ураду падкрэсьліў, што настаў час адыходзіць ад ручнога рэгуляваньня цэнаў на карысьць аўтаматызаваных працэсаў. І стварэньне такой сыстэмы, паводле яго, зойме ад 3 да 6 месяцаў.
З кастрычніка мінулага году ў Беларусі працуе рэгуляваньне цэнаў: крамы могуць іх падвышаць толькі з дазволу чыноўнікаў. За неабгрунтаванае павышэньне цэнаў летась адміністрацыйныя спагнаньні зазналі сотні чалавек. Аднак цэны працягвалі расьці.