Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілан Маск прыехаў у Ізраіль пасьля абвінавачаньняў у антысэмітызьме ў яго адрас


Ілан Маск
Ілан Маск

Уладальнік сацыяльнай сеткі X і адзін з найбагацейшых прадпрымальнікаў сьвету Ілан Маск прыбыў зь візытам у Ізраіль. Там ён сустрэўся з прэм’ер-міністрам Біньямінам Нэтаньягу і наведаў памежны з сэктарам Газа кібуц Кфар-Аза, на які 7 кастрычніка напалі джыгадысты.

У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца фота і відэа, на якіх Маск і Нэтаньягу ў бронекамізэльках аглядаюць наступствы нападу палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнаю ў ЗША і Эўразьвязе. Маск таксама паразмаўляў з сваякамі закладнікаў.

«Учынкі кажуць больш, чым словы», — напісаў Маск у сваім акаўнце ў X.

Bloomberg паведамляе, што ўрад Ізраілю вядзе з Маскам перамовы наконт выкарыстаньня сеткі спадарожнікавай сувязі Starlink вайскоўцамі. У кастрычніку мільярдэр заявіў, што можа даць спадарожнікі арганізацыям, якія аказваюць дапамогу ў сэктары Газа. Гэта выклікала крытыку ізраільскіх службоўцаў.

У адрас Маска нядаўна гучалі абвінавачаньні ў антысэмітызьме. Нагодай стаў допіс аднаго з карыстальнікаў X, у якім гаварылася, што габрэйскія супольнасьці культывуюць да «белых людзей» такую ж нянавісьць, якую патрабуюць спыніць да сябе. Маск пагадзіўся з выказваньнем. Пасьля гэтага супрацоўніцтва з X прыпынілі буйныя рэкламадаўцы — Apple, Walt Disney, IBM, Sony Pictures і іншыя. У адказ Маск паабяцаў накіраваць частку даходаў X на гуманітарную дапамогу Ізраілю і Газе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG