Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народная Грамада» патрабуе зладзіць сустрэчу палітвязьня Статкевіча з жонкай


Мікалай Статкевіч, каляж
Мікалай Статкевіч, каляж

Партыя «Народная Грамада»  на тле чутак пра сьмерць свайго лідэра, палітзьняволенага Мікалая Статкевіча запатрабавала ад «адказных асоб у Беларусі неадкладна арганізаваць» для яго спатканьне з жонкай Марынай Адамовіч.

Як адзначана ў заяве, гэта неабходна, каб «абвергнуць альбо пацьвердзіць інфармацыю» пра Статкевіча.

«Заклікаем беларусаў да правядзеньня акцый салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі каля будынкаў палітычных сіл краіны знаходжаньня з мэтай перадачы закліку каманды Мікалая Статкевіча, – гаворыцца ў дакумэнце. – Заклікаем міжнародную супольнасьць выступіць з патрабаваньнем арганізацыі спатканьня Марыны Адамовіч і Мікалая Статкевіча».

23 лістапада галоўны рэдактар «Хартыі ‘97» Натальля Радзіна са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла пра меркаваную сьмерць Статкевіча ў зьняволеньні, падкрэсьліўшы, што ня можа пацьвердзіць праўдзівасьць інфармацыі.

25 лістапада рэдакцыя «Зеркала» паспрабавала высьветліць сытуацыю з палітыкам праз званок на гарачую лінію Міністэрства ўнутраных спраў. Начальнік упраўленьня ідэалягічнай працы Антон Санкевіч заявіў, што ён «не кампэтэнтны размаўляць на падобную тэму і выдаваць падобныя зьвесткі», параіў зьвяртацца ў Дэпартамент выкананьня пакараньняў, а не «чытаць усялякую лухту ў інтэрнэце».

Сувязі са Статкевічам няма ўжо 9 месяцаў.

  • Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 года ў Менску. 14 сьнежня 2021-га суд прыгаварыў яго да 14 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў).
  • 31 траўня 2022 года Вярхоўны суд пакінуў вырак бязь зьмен. Статкевіча перавялі з гомельскага сьледчага ізалятара № 3 у папраўчую калёнію № 13, адміністрацыя якой паставіла яго на ўлік як «схільнага да экстрэмізму», у жніўні зьмясьціла на паўгода ў адзіночную камэру, у верасьні – у штрафны ізалятар.
  • 4 лістапада МУС унесла палітвязьня ў «пералік асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
  • 28 ліпеня крыніца, блізкая да сям’і Статкевіча, паведаміла «Позірку», што стан яго здароўя ў калёніі пагоршыўся.
  • Больш як сем месяцаў няма навін ад Максіма Знака, ад сярэдзіны лютага зьнікла сувязь з Марыяй Калесьнікавай, няма інфармацыі пра стан здароўя Віктара Бабарыкі, многіх іншых палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG