35% палякаў ставяцца да беларусаў пазытыўна, 29% — нэгатыўна, 36% — абыякава, сьведчаць вынікі апытаньня аб стаўленьні да людзей розных нацыянальнасьцяў, праведзенага Інстытутам сацыяльных і рынкавых дасьледаваньняў (IBRIS) на замову польскага выданьня Onet.
Толькі 8% апытаных адказалі, што ставяцца да беларусаў дакладна станоўча, яшчэ 27% заявілі пра хутчэй станоўчыя адносіны. Рашуча нэгатыўна настроеныя 11% апытаных, хутчэй нэгатыўна — яшчэ 18%. Астатнія 36% заявілі пра «абыякавае» стаўленьне да беларусаў.
Сярод замежнікаў палякі лепш за ўсё ставяцца да амэрыканцаў: пра пазытыўнае стаўленьне кажуць 72% апытаных, і толькі 2% ставяцца хутчэй нэгатыўна.
Акрамя таго, у Польшчы даволі добра ставяцца да суседзяў — чэхаў (станоўча ставяцца 63% апытаных) і славакаў (62%). Наступныя месцы ў рэйтынгу ідуць у швэдаў (60%), літоўцаў (58%), брытанцаў (57%), японцаў (55%) і французаў (54%).
Сярод прадстаўнікоў усходне-славянскіх краін лепш за ўсё палякі ўспрымаюць украінцаў: 53% ставяцца да іх станоўча і толькі 20% — адмоўна. Гэта лепш, чым перад пачаткам вайны (тады пра станоўчыя адносіны казалі 48% палякаў), але горш, чым адразу пасьля яе пачатку (64%).
У параўнаньні зь мінулым годам больш людзей заяўляюць пра сымпатыю да немцаў — 49% супраць 46% на пачатку мінулага году і 41% на пачатку вайны, калі Бэрлін крытыкавалі за маруднасьць у наданьні дапамогі Ўкраіне.
У самым канцы рэйтынгу — расейцы: да іх пазытыўна ставяцца менш за 14% апытаных, нэгатыўна — больш за 55% палякаў. Гэты адсотак штогод зьмяншаецца — у 2020 годзе больш за палову палякаў пазытыўна ставіліся да расейцаў, непасрэдна перад пачаткам вайны гэты паказьнік упаў да 36%, а адразу пасьля ўварваньня ва Ўкраіну — да 22%.
Акрамя расейцаў, мала сымпатызуюць арабам (станоўча пра іх ставяцца толькі 23%), кітайцам (29%) і цыганам (30,7%).