Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ухваліла спыненьне ўдзелу Беларусі ў пагадненьні аб звычайных узброеных сілах у Эўропе


Беларускія вайскоўцы на цырымоніі адкрыцьця супольных з Расеяй вучэньняў «Захад-2021». Ілюстрацыйнае фота
Беларускія вайскоўцы на цырымоніі адкрыцьця супольных з Расеяй вучэньняў «Захад-2021». Ілюстрацыйнае фота

Беларусь больш ня будзе перадаваць Польшчы і Чэхіі інфармацыю, якая датычыць звычайных узбраеньняў і тэхнікі, і прымаць інспэкцыі з Польшчы і Чэхіі.

Палата прадстаўнікоў пачала сваю восеньскую сэсію з ухваленьня законапраекту аб спыненьні дзеяньня пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе ў дачыненьні да Польшчы і Чэхіі.

Як паведамілі ў тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў, праект закону распрацаваны па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Беларусі для «забесьпячэньня нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і спыняе выкананьне беларускім бокам абавязаньняў паводле пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе, падпісаным у Парыжы 19 лістапада 1990 году, у дачыненьні да Рэспублікі Польшчы і Чэскай Рэспублікі».

Беларусь ратыфікавала гэтае пагадненьне 21 кастрычніка 1992 году. Яно прадугледжвала абмежаваньне сумарных узроўняў звычайных узбраеньняў і тэхнікі ў пяці катэгорыях (танкі, баявыя браняваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты), а таксама мэханізмы праверкі выкананьня абавязаньняў (абмен інфармацыяй і інспэкцыі).

Урад Польшчы і Чэхіі (у сакавіку і жніўні адпаведна) спынілі свае абавязаньні ў гэтым пагадненьні перад Беларусьсю. Беларусь у адказ ухваліла люстэркавае рашэньне.

У практычным пляне гэта будзе азначаць, што Беларусь больш ня будзе перадаваць Польшчы і Чэхіі інфармацыю, якая датычыць звычайных узбраеньняў і тэхнікі, і прымаць інспэкцыі з Польшчы і Чэхіі. У дачыненьні да іншых дзяржаў Беларусь будзе выконваць свае абавязаньні, прадугледжаныя гэтым пагадненьнем.

Удзельнікамі пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе пасьля развалу СССР сталі 21 эўрапейская і 8 постсавецкіх краін. Расея выйшла з гэтага пагадненьня цалкам у траўні 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG