Сьцісла
- Словы Лукашэнкі пра «трэнд на супакаеньне сытуацыі на постсавецкай прасторы» падчас старшынёўства Беларусі ў АДКБ гучаць як зьдзек.
- У 2023 годзе АДКБ не падтрымала Ерэван у яго канфлікце з Баку, і Армэнія фактычна выйшла са складу АДКБ (ці прынамсі замарозіла сваё сяброўства ў арганізацыі).
- Заклікі Лукашэнкі да адзінства і супрацьстаяньня Захаду, якія гучалі на працягу году, ня мелі станоўчага водгуку ня толькі ў Ерэване, але і ў Астане, Бішкеку і Душанбэ.
- Тое, што на старшынёўства Беларусі ў АДКБ прыпала фактычнае разьвітаньне арганізацыі з Армэніяй — пэўная ацэнка дыпляматычных і палітычных здольнасьцяў і магчымасьцяў Лукашэнкі.
Канчаецца 2023 год, у якім Беларусь старшынявала ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Днямі Аляксандар Лукашэнка падвёў вынікі гэтага старшынёўства падчас сустрэчы з генэральным сакратаром арганізацыі Імангалі Тасмагамбетавым. «На гэты пэрыяд прыпаў момант, рух, трэнд на супакаеньне сытуацыі на постсавецкай прасторы», — сказаў Лукашэнка.
У якасьці прыкладаў гэтага «трэнду» Лукашэнка назваў разьвязку канфлікту паміж Кіргізстанам і Таджыкістанам і завяршэньне супрацьстаяньня (!) паміж Армэніяй і Азэрбайджанам. Збройныя сутыкненьні на кіргіска-таджыцкай мяжы, сапраўды, як узьніклі, так і спыніліся, хоць узаемныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі Бішкека і Душанбэ маюць шматгадовую гісторыю і далёкія ад поўнага вырашэньня.
Але маланкавае вяртаньне Азэрбайджанам кантролю над Карабахам, сыход, уцёкі адтуль дзясяткаў тысячаў армянаў назваць супакаеньнем неяк не выпадае. Пасьля завяршэньня вайны паміж Азэрбайджанам і Армэніяй у 2020 годзе чалец АДКБ — Расея — са згоды Ерэвана і Баку разьмясьціла ў Карабаху сваіх міратворцаў. Сёлета тыя міратворцы не варухнуліся, каб спыніць наступ азэрбайджанскага войска і абараніць мірнае пагадненьне 2020 году.
Армэнія абвінавачвае Азэрбайджан і ў нападах на міжнародна прызнаную армянскую тэрыторыю. А АДКБ — у няздольнасьці падтрымаць, абараніць свайго чальца ад агрэсіі дзяржавы, якая ў гэты саюз не ўваходзіць.
З АДКБ Армэнія пакуль не выходзіць. Але навідавоку байкот Ерэванам дзейнасьці гэтай арганізацыі. Год таму саміт АДКБ праходзіў у армянскай сталіцы, Армэнія старшынявала ў арганізацыі.
Сёлета прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян адмовіўся ехаць на саміт арганізацыі ў Менск. Кіраўнік МЗС Армэніі не прыехаў на нараду міністраў замежных справаў арганізацыі, якая папярэднічае саміту. Ерэван папрасіў АДКБ зьняць з парадку дня саміту пытаньне дапамогі Армэніі. Краіна адмовілася пасылаць сваіх вайскоўцаў на апошнія сумесныя вучэньні АДКБ.
Юрыдычна апошняга кроку — фармальнага выхаду са складу арганізацыі — Ерэван пакуль не зрабіў (ня выключана, што і ня зробіць), але фактычна сяброўства Армэніі ў АДКБ калі ня спыненае, то прынамсі замарожанае.
Ну, а на фоне працягу вайны Расеі з Украінай тэза пра «трэнд на супакаеньне сытуацыі на постсавецкай прасторы» гучыць наагул як зьдзек.
Зразумела, Беларусь і яе старшынёўства ў АДКБ мае даволі ўскоснае дачыненьне да таго, што трэнд насамрэч зусім іншы — не яна яго вызначала і вызначае. Але тое, што менавіта падчас старшынёўства Менску ў гэтай арганізацыі яна фактычна разьвіталася з Армэніяй, магчыма, і запомніцца. Запомніцца прынамсі тое, што дыпляматычных і палітычных талентаў Лукашэнкі аказалася недастаткова, каб прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў.
Не хапіла іх і для рэалізацыі асноўнай мэты старшынёўства Беларусі ў арганізацыі, сфармуляванай Лукашэнкам на яе леташнім ерэванскім саміце, — забесьпечыць адзінства АДКБ супраць заходняга ўплыву. Варта аддаць належнае — ён стараўся.
«Калі, крый божа, абрынецца Расея, то пад гэтымі абломкамі і наша месца», — казаў ён год таму ў Ерэване.
«Калі нехта думае, што канфлікт Украіны і Расеі — гэта ня наш канфлікт, што ціхенька недзе адседзімся, — нічога падобнага, так ня будзе. Прыйдзе час (ён недалёка, літаральна заўтра), ён запатрабуе вызначацца, займаць пэўную пазыцыю», — казаў ён сёлета ў размове з генэральным сакратаром АДКБ.
Тую ж думку, тыя ж заклікі да адзінства, да ператварэньня арганізацыі ў супрацьвагу Захаду Лукашэнка сёлета агучваў і на сустрэчах зь міністрамі замежных справаў і сакратарамі Радаў бясьпекі дзяржаў-удзельніц АДКБ.
Водгук на гэтыя заклікі аказаўся пазбаўлены энтузіязму. Ня толькі Ерэван, але і Астана, і Бішкек, і Душанбэ на працягу году ніяк публічна не дэманстравалі салідарнасьці з Расеяй у яе вайне з Украінай і не праяўлялі гатоўнасьці стаць у адзіны антызаходні шыхт. Дапамогу Маскве і Менску ў абыходзе санкцыяў некаторыя зь іх аказвалі, але з рознымі агаворкамі і непублічна.
Перапрадаць у Эўразьвяз беларускую драўніну — на такія дэманстрацыі адзінства перад тварам «заходняй навалы» Казахстан і Кіргізстан былі сёлета здольныя. Але на большае — не. І адказам на заклік «заняць пэўную пазыцыю» было: мы трымаемся воддаль ад вашых войнаў і канфрантацыі з Захадам. Гэта і не адзіны шыхт з Украінай і яе саюзьнікамі. Але і не адзіны шыхт з Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным.
Варта адзначыць, што сам гаспадар Крамля на заклікі да адзінства ў АДКБ быў і летась, і сёлета значна менш шчодры, чым Лукашэнка. Бо такія заклікі з Масквы прадугледжваюць, што за дэманстрацыю адзінства з боку саюзьнікаў Крэмль гатовы нечым заплаціць. Не абавязкова грашыма. Калі б расейскія міратворцы ў Карабаху спынілі азэрбайджанскае войска ці калі б Крэмль даў зразумець Баку, што так будзе, магчыма, Ерэван да заклікаў да адзінства прыслухоўваўся б больш уважліва. Але з розных прычын такую цану Пуцін заплаціць ці не хацеў, ці ня мог.
Ну, а Лукашэнку няма чым заплаціць за адзінства нават пры жаданьні. А адна ягоная рыторыка партнэраў па АДКБ ня надта натхняе і пераконвае. У выніку адказам на ягоныя палкія прамовы аказваецца дэманстратыўнае маўчаньне. Напэўна, Пуціну ня вельмі хацелася, каб такой жа была рэакцыя на ягонае «царскае слова». Дый навошта напінацца самому, калі ёсьць Лукашэнка?
Ну, а саміт АДКБ у Менску, безумоўна, пройдзе пасьпяхова. Напэўна, на ім прымуць шэраг важных рашэньняў, можа, нават пастанову пра дапамогу Армэніі, якую Ерэван настойліва прасіў не прымаць.
Але зьмястоўна саміт зафіксуе чарговы этап эрозіі постсавецкага адзінства, разьвітаньне Армэніі з АДКБ, а АДКБ — з Армэніяй. І ня ў тым нават справа, што будзе дзейнічаць прынцып даміно, што за гэтым крокам будуць іншыя падобныя, што налета палічаць непатрэбным сяброўства ў арганізацыі, скажам, Беларусь ці Казахстан.
Але прэцэдэнт, дэманстрацыя няздольнасьці дапамагчы чальцу арганізацыі, нежаданьне нават дэкляраваць падтрымку Расеі і Беларусі ў іх вайне з Украінай — усё гэта задае вэктар далейшай эвалюцыі АДКБ.