Войскі краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) пакуль няма неабходнасьці прыцягваць да баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі 14 лютага начальнік абʼяднанага штабу вайскова-палітычнага блёку Анатоль Сідараў, паведамляе БелТА.
На пытаньне журналісткі з Армэніі, ці ёсьць імавернасьць прыцягненьня краін АДКБ да «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», вайсковец адказаў:
«Мне пра гэта невядома. Мая думка — такой неабходнасьці на гэтым этапе пакуль проста няма».
Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з генэральным сакратаром АДКБ Імангалі Тасмагамбетавым заявіў, што «канфлікт Украіны і Расеі» датычыцца ўсіх краін арганізацыі:
«Калі нехта думае, што канфлікт Украіны і Расеі — гэта ня наш канфлікт, што ціхенька недзе адсядзімся, — нічога падобнага, так ня будзе, — сказаў ён. — Прыйдзе час (ён недалёка, літаральна заўтра), ён запатрабуе вызначацца, займаць пэўную пазыцыю».
Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае, а ўсьлед за ім і беларускае кіраўніцтва называюць паўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую РФ пачала 24 лютага 2022 году. Разам з тым Лукашэнка наўпрост называе разьвязаны Расеяй канфлікт вайной.
Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
На тэрыторыі Беларусі сёлета заплянавалі трое манэўраў у рамках АДКБ
На тэрыторыі Беларусі сёлета плянуецца правядзеньне трох вучэньняў АДКБ — «Узаемадзеяньне», «Эшалён» і «Пошук», пра гэта паведаміў генэральны сакратар Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы Імангалі Тасмагамбетаў пасьля сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
У канцы 2021-га і пачатку 2022 году Расея праводзіла супольныя зь Беларусьсю вучэньні «Саюзная рашучасьць», якія скончыліся ўварваньнем ва Ўкраіну 24 лютага, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Цягам 2022 і 2023 гадоў амаль няспынна ў Беларусі праводзяцца расейска-беларускія і толькі беларускія вайсковыя манэўры.