Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прагаласавала ў ААН за алімпійскае перамір’е, Расея ўстрымалася і заявіла пра «непрымальныя ўмовы» ад МАК


Плякат з заклікам дыскваліфікаваць расейскіх спартоўцаў, архіўнае фота
Плякат з заклікам дыскваліфікаваць расейскіх спартоўцаў, архіўнае фота

Расея сутыкнулася з МАК у ААН перад тым, як дзяржавы-чальцы прымуць алімпійскае замірэньне на Парыскія гульні 2024 году.

Расея спрачаецца зь Міжнародным алімпійскім камітэтам на пляцоўцы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Чарговае абвастрэньне адбылося перад тым, як 118 дзяржаў-членаў (у тым ліку Беларусь) прагаласавалі за прыняцьце традыцыйнага замірэньня вакол парыскіх летніх Гульняў 2024 году,.

Два гады таму Расея прагаласавала за папярэднюю рэзалюцыю аб алімпійскім замірэньні, а потым груба парушыла яе, уварваўшыся ва Ўкраіну праз чатыры дні пасьля закрыцьця зімніх Гульняў 2022 году ў Пэкіне, піша агенцтва AP.

Адносіны паміж Расеяй і прэзыдэнтам МАК Томасам Бахам з таго часу пагоршыліся, хоць алімпійскі орган зьмякчыў сваю першапачаткова жорсткую пазыцыю выключэньня, заклікаўшы спартовыя арганізацыі дазволіць некаторым атлетам спаборнічаць у нэўтральным статусе, гэта значыць бяз сымбаляў нацыянальнай ідэнтычнасьці. А гэта, у сваю чаргу, выклікала шматлікія пратэсты ўкраінскага боку, які наогул не жадае бачыць расейцаў на спаборніцтвах, за выключэньнем тых, хто адкрыта асудзіў вайну.

Умовы, пастаўленыя МАК, «цалкам непрымальныя», заявіла расейскі дыплямат Марыя Забалоцкая 21 лістапада, выступаючы непасрэдна перад Бахам у дэбатах аб алімпійскім перамір'і ў ААН у Нью-Ёрку.

«Вершыняй крывадушнасьці і цынізму, якога мы ня бачылі ў найноўшай гісторыі, стала незаконнае адхіленьне расейскіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў», — сказала Забалоцкая, намесьніца пастаяннага прадстаўніка Расеі пры ААН.

Толькі Расея і яе саюзьніца Сырыя ўстрымаліся пры галасаваньні за прыняцьце рэзалюцыі, а 118 з 193 краін –сяброў ААН, у тым ліку Ізраіль, Украіна і ЗША, падтрымалі тэкст, прапанаваны Францыяй, якая прымае Алімпіяду. Два гады таму было 173 дзяржавы.

Алімпійскае спыненьне агню — сучаснае адраджэньне старажытнагрэцкай традыцыі, уведзенай для бясьпечнага праезду спартоўцаў на Гульні з гарадоў-дзяржаў, якія вядуць вайну. Яно працягнецца з 19 ліпеня па 15 верасьня, пачынаючыся за 7 дзён да адкрыцьця Алімпіяды ў Парыжы і заканчваючыся праз 7 дзён пасьля закрыцьця Паралімпіяды.

Дэбаты ў аўторак адбыліся праз 21 месяц вайны, якую вядзе Расея ва Ўкраіне, і пасьля шасьці тыдняў канфлікту ў Газе паміж Ізраілем і баевікамі ХАМАС.

Алімпійскія гульні «зьяўляюцца сымбалем талерантнасьці, міру і супрацоўніцтва паміж рознымі народамі, культурамі і нацыямі», — заявіў віцэ-прэзыдэнт Генэральнай Асамблеі ААН Моган Пірыс.

«У гэтым крохкім сьвеце гэтая рэзалюцыя аб алімпійскім замірэньні актуальная як ніколі», — сказаў Томас Бах, дадаўшы, што «так, мы можам аб'яднацца, нават у часы войнаў і крызісаў».

Больш за год Бах пасьлядоўна заяўляў, што атлеты з Расеі і яе ваеннага саюзьніка Беларусі не павінны дыскрымінавацца толькі за пашпарт.

Расея выступае за сумленныя і справядлівыя спаборніцтвы, заявіла расейская прадстаўніца Забалоцкая і запрасіла краіны на Гульні Дружбы, якія плянуецца правесьці налета ў якасьці процідзеяньня Алімпіядзе.

Гэта, сказаў Бах у якасці наступнага дакладчыка, «азначала б, што спорт становіцца часткай палітычнай напружанасьці і падзелаў у нашым сьвеце».

Яго 13-хвілінная прамова скончылася просьбай «даць міру шанец», спасылаючыся на лірыку Джона Ленана, якую Бах таксама выкарыстоўваў на цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ў Пэкіне за 20 дзён да ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Украінскі дэлегат на гэтым жа пасяджэньні паўтарыў заклік адхіліць усіх расейскіх спартоўцаў ад Алімпіяды ў Парыжы і нагадаў, што Расея таксама парушыла алімпійскае замірэньне ў 2008 і 2014 гадах.

Беларускі дэлегат патлумачыў свой голас «за» сымбалем «надзеі, што здаровы сэнс хутка пераможа» ў алімпійскіх колах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG