Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шэрая форма, замест гімну — 3-я сымфонія Бэтховена». У фэдэрацыі цяжкай атлетыкі расказалі, як беларусы выступаюць у «нэўтральным статусе»


Архіўнае фота. Ранейшая форма беларускіх цяжкаатлетаў. Андрэй Рыбакоў зь Беларусі на чэмпіянаце сьвету па цяжкай атлетыцы ў Алматы, 13 лістапада 2014 году
Архіўнае фота. Ранейшая форма беларускіх цяжкаатлетаў. Андрэй Рыбакоў зь Беларусі на чэмпіянаце сьвету па цяжкай атлетыцы ў Алматы, 13 лістапада 2014 году

Выканаўчы сакратар Беларускай фэдэрацыі цяжкай атлетыкі Віталь Крэйдзіч расказаў, як беларускія спартоўцы выступалі ў нэўтральным статусе на спаборніцтвах у цяжкай атлетыцы.

«На патрабаваньне Міжнароднай фэдэрацыі нам давялося цалкам замяняць форму, мы замовілі пашыў шэрых камбінэзонаў, замовілі шэрыя спартовыя касьцюмы», — распавёў Віталь Крэйдзіч у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 5».

Паводле яго, ніякіх «значкоў, проста адзнак на форме не дапускалася; ніякага гімну ў выпадку перамогі, замест яго была заплянаваная, нібыта 3-я сымфонія Бэтховена».

Паводле Крэйдзіча, удалося толькі ўгаварыць Міжнародную фэдэрацыю цяжкай атлетыкі зьмякчыць патрабаваньні да абутку: ён таксама мусіў быць шэрым, «але абутак падобнага колеру фірмы не вырабляюць». Таксама беларускаму атлету Эдуарду Зязюліну «ў выглядзе выключэньня дазволілі выступаць у чорным колеры, бо шэрых камбінэзонаў і цішотак на ягоны памер проста ніхто ня робіць».

На чэмпіянаце сьвету ў Савудаўскай Арабіі, які прайшоў у верасьні, беларусы заваявалі адзін мэдаль: трэцяе месца заняў Яўген Ціханцоў у вагавой катэгорыі да 102 кг.

  • 28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынятая да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуліся амаль у поўнай ізаляцыі.
  • 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і Расеі з-за вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі з-за яго пашпарта».
  • 28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананьні шэрагу ўмоваў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.
  • Міжнародная фэдэрацыя цяжкай атлетыкі (IWF) дапусьціла беларусаў і расейцаў на турніры пад сваёй эгідай са шматлікімі абмежаваньнямі. Беларускі бок зь імі пагадзіўся з умовамі, у адрозьненьне ад расейскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG