Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) перасьцярог Нацыянальныя алімпійскія камітэты (НАК) ад удзелу ў «Сусьветных гульнях дружбы» ў Расеі ў наступным годзе, бо гэта «парушыць рэкамэндацыі сусьветнай алімпійскай арганізацыі», паведаміў спартовы сайт InsideTheGames.
«Улічваючы ўзрастаньне палітызацыі сусьветнага спорту, мы просім усе нацыянальныя алімпійскія камітэты праяўляць асьцярожнасьць у дачыненьні гэтай ініцыятывы», — цытуе сайт дырэктара МАК па сувязях з нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі Джэймза Маклаўда.
Прэзыдэнт МАК Томас Бах 22 чэрвеня заявіў, што «ўрад Расеі зьбіраецца праводзіць палітызаваныя спаборніцтвы».
Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выдаў указ аб правядзеньні ў 2024 годзе першых летніх «Сусьветных гульняў дружбы» ў сталіцы Расеі Маскве. Яшчэ адным горадам, які прыме гульні, стане Екацярынбург.
Пазьней міністар спорту Расеі Алег Матыцын заявіў, што Гульні БРІКС і «Сусьветныя гульні дружбы» «ня маюць дачыненьня да палітыкі і ні ў якім разе не зьяўляюцца асуджэньнем МАК».
Санкцыі МАК супраць Расеі
28 лютага 2022 году Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) выдаў рэкамэндацыі міжнародным спартовым фэдэрацыям не дапускаць спартоўцаў з Расеі і Беларусі да міжнародных турніраў, назваўшы прычынай вайну Расеі супраць Украіны.
У адпаведнасьці з тымі рэкамэндацыямі, у канцы лютага 2022 году большасьць фэдэрацый вырашылі не дапускаць атлетаў з Расеі і Беларусі да міжнародных турніраў.
У канцы сакавіка 2023 году МАК рэкамэндаваў дапусьціць асобных спартоўцаў з Расеі і Беларусі да ўдзелу ў міжнародных турнірах, але толькі на пэўных умовах. У прыватнасьці, прадстаўнікі дзьвюх краін не павінны «актыўна падтрымліваць» вайну Расеі супраць Украіны і павінны выступаць у нэўтральным статусе.
Таксама Расеі і Беларусі забаранілі ўдзельнічаць у міжнародных камандных спаборніцтвах.
Гульні Дружбы — ня новая прыдумка Расеі. У 1984-м годзе, каб замяніць Алімпійскія гульні ў Лас-Анджэлесе, якія СССР байкатаваў, у Маскве правялі гульні з такой назвай. Разам з савецкімі спартоўцамі ў іх прынялі ўдзел атлеты з краін, ляяльных Маскве ў тыя часы, — Баўгарыі, Чэхаславаччыны, Манголіі, Вугоршчыны, Польшчы, Кубы, Паўночнай Карэі і Ўсходняй Нямеччыны.