Суд у Гомлі
У Гомельскім абласным судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы 39-гадовага Яўгена Шчарбіны, паведамляе «Вясна».
Яго абвінавачваюць у распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК).
Разглядаць справу прызначылі судзьдзю Дзьмітрыя Казлова.
Вядома, што Яўгена затрымалі 7 красавіка і асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») на 13 дзён адміністрацыйнага арышту. Пастанову вынес судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Яўген Парэмскі. Пасьля гэтага Яўген на волю так і ня выйшаў.
У Віцебску затрымалі мужчыну, які нібыта зьбіраўся ваяваць за Ўкраіну
Затрыманы — мясцовы жыхар, які нібыта «прайшоў падрыхтоўку з мэтай удзелу ў баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны ў шэрагах тэрарыстычных і экстрэмісцкіх фармаваньняў», заявілі сілавікі. На іх відэа мужчына зьняты на фоне дзьвярэй у кайданках за сьпінай.
Раней за ім ужо сачылі як за «прыхільнікам ультраправых поглядаў», гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», на сярэдзіну кастрычніка 2023 году за выказваньні супраць вайны Расеі з Украінай затрымлівалі сама меней 1630 чалавек. Зь іх 79 чалавек асудзілі па крымінальных справах на тэрміны ад 1 да 23 гадоў.
Затрымалі адміністратарку фітнэс-клюбу
ГУБАЗіК затрымаў адміністратарку фітнэс-клюбу за 700 нібыта «абразьлівых» камэнтароў.
На запісаным сілавікамі відэа жанчына кажа, што пакідала нэгатыўныя і абразьлівыя камэнтары пра сілавікоў, піша «Вясна». Таксама ў відэа сілавікоў дэманструюцца і камэнтары ў падтрымку Ўкраіны, якія нібыта пакідала жанчына.