У Міністэрстве здароўя Беларусі чакаюць, што складанае выдаленьне зуба патаньнее ў сярэднім на 42% (з 479 да 278 рублёў), а лячэньне сярэдняга карыесу — на 47% (са 163 да 86,4 рубля). У ведамстве не назвалі канкрэтнай даты, калі адбудуцца зьмены.
У ліпені гэтага году ўрад прыняў пастанову, якая ўвяла дзяржаўнае рэгуляваньне тарыфаў на ўсе віды стаматалягічных паслуг. Пастанова набыла моц з 1 лістапада. Калі раней у Беларусі дзяржава рэгулявала толькі цэны на артапэдычную стаматалёгію і зубатэхнічныя работы, то цяпер — таксама на тэрапію, хірургію і артадантыю, піша сайт «Люстэрка».
Як тлумачыў галоўны пазаштатны стаматоляг Міністэрства здароўя, рэктар БДМУ Сяргей Рубніковіч, галоўная мэта новаўвядзеньня — сфармаваць справядлівыя цэны, аднак якасьць паслуг не павінна зьнізіцца. Паводле яго, гэтаму дапаможа перагляд нормы часу на работу і расходаў на матэрыялы. Рубніковіч прагназаваў, што дзякуючы новаму падыходу і працоўныя, і часовыя затраты на стаматалягічныя паслугі зьнізяцца на 10-30%.
Аднак пасьля гэтага Міністэрства здароўя занялося пераглядам з 1 лістапада нормаў часу і расходу матэрыялаў на платныя стаматалягічныя паслугі, а таксама пералікам гранічных максымальных тарыфаў на іх.
З 1 лістапада парадак вызначэньня нормаў часу і нормаў расходу матэрыялаў на новыя платныя стаматалягічныя паслугі (тэрапэўтычныя, хірургічныя, артадантычныя, артапэдычныя і зубатэхнічныя работы) будзе рэгуляваць Міністэрства аховы здароўя.
«Гэты парадак будзе вызначаны спэцыялістамі ведамства дадаткова», — анансавала 5 кастрычніка міністэрства. Аднак зрабіць гэта да 1 лістапада не пасьпелі: яшчэ 3 лістапада стаматалягічныя клінікі пра такі парадак ня ведалі.
Цяпер у Міністэрстве здароўя заяўляюць, што «прынята кардынальнае рашэньне аб зьніжэньні неабгрунтавана высокіх тарыфаў на стаматалягічныя паслугі». І зазначаюць, што летам у некаторых прыватных клініках спэцыялісты міністэрства і Дзяржаўнага кантролю знайшлі «неабгрунтавана высокія тарыфы».
Экспэрты Міністэрства аховы здароўя распрацавалі праект пастановы і інструкцыі, у якіх вызначаны гранічныя максымальныя тарыфы на гэтыя віды паслуг.
Арганізацыі аховы здароўя ня могуць ставіць свае тарыфы вышэй за тыя, што акрэсьленыя ў пастанове, незалежна ад віду ўласнасьці.
Пастанова Міністэрства аховы здароўя набудзе моц да канца 2023 году, але ёсьць нюанс: канкрэтная дата не ўдакладняецца. Міністэрства лічыць, што гэта дазволіць кожнай установе дапасаваць свой прэйскурант да пастановы.