Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост тарыфаў за камуналку ў Беларусі адвязалі ад даляра і прывязалі да базавай велічыні. Што гэта значыць


13 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб прыняцьці мер у галіне цэнаўтварэньня», паведамляе ягоная прэс-служба. Сярод іншага, зьмены тычацца цэнаў на камунальныя плацяжы для беларусаў.

Так, ім уносяцца зьмены ва ўказ ад 5 сьнежня 2013 году № 550, якім прадугледжана, што максымальна дапушчальны рост плацяжоў насельніцтва за жыльлёва-камунальныя паслугі не павінен перавышаць 0,5 базавай велічыні (цяпер гэта 18,5 рубля — пры базавай велічыні ў 37 рублёў; базавую велічыню, як правіла, павышаюць раз на год).

З 2014 году рост камуналкі быў прывязаны да даляра. Так, за год сярэдні рахунак на тыповую 2-пакаёвую кватэру плошчай 48 м² з трыма зарэгістраванымі жыхарамі (яе бралі за эталён пры разьліках) мог вырасьці ня больш як на 5 даляраў. У 2022 годзе сярэднегадавы курс даляра склаў 2,62 руб., такім чынам, павышэньне тарыфаў не павінна было перавысіць 13,1 рубля.

Як гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі, цяперашні ўказ накіраваны на «забесьпячэньне адзіных падыходаў у галіне цэнаўтварэньня і ўстанаўленьне найбольш празрыстага мэханізму фармаваньня экспартных цэн на асобныя тавары».

  • У лютым 2023 году ў рамках «пастаянна рэгуляванага цэнаўтварэньня» ў параўнаньні са студзенем тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі вырасьлі на 6,6%.
  • Паводле зьвестак Белстату за 2022 год, беларусы ў сярэднім трацілі на камунальныя паслугі каля 6,5% даходаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG