Луцкі міжраённы суд Валынскай вобласьці асудзіў галоўнага інжынэра ТАА «Дарожна-будаўнічы трэст № 4» (Берасьце) Аляксандра Зарэцкага на 7 гадоў пазбаўленьня волі за прысваеньне чужой маёмасьці і на 2 гады пазбаўленьня волі за падробку службовых дакумэнтаў.
Вядзецца аб прысваеньні бюджэтных сродкаў, за якія ажыцьцяўляўся рамонт 3,2 кілямэтра дарогі ў Старавыжаўскім раёне Валынскай вобласьці. Адпаведны тэндэр на правядзеньне дарожных работ у 2019 годзе выйграла ўкраінска-беларуская кампанія «Белаўтадар-Украіна» (яе маёмасьць і рахункі арыштавалі пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, цяпер кампанія знаходзіцца ў стадыі банкруцтва), а работы выконвала ўкраінскае прадстаўніцтва берасьцейскага дарожна-будаўнічага трэсту № 4, якое ачольваў Аляксандар Зарэцкі.
Кошт работ склаў 13 мільёнаў 491 тысяч грыўняў (крыху больш як паўмільёна даляраў у эквіваленце паводле курсу 2019 году. — РС).
У прыватнасьці, паводле матэрыялаў справы, украінскае прадстаўніцтва берасьцейскага дарожна-будаўнічага трэсту № 4 выкарыстоўвала для работ асфальтна-бэтонную сумесь горшай якасьці, чым гэта прадугледжваў кантракт, але ў дакумэнтах праводзілі матэрыялы найвышэйшай якасьці.
Справу супраць грамадзяніна Беларусі завялі 6 траўня 2020 году. З таго моманту Аляксандар Зарэцкі знаходзіўся ва Ўкраіне пад падпіскай аб нявыезьдзе. Цяпер яму 63 гады.
Суд таксама пастанавіў канфіскаваць у Аляксандра Зарэцкага маёмасьць, а таксама забараніў яму на тры гады займаць адказныя пасады на прадпрыемствах і ва ўстановах.
Апроч таго, грамадзянін Беларусі павінен выплаціць кампэнсацыю Дэпартамэнту інфраструктуры Валынскай абласной адміністрацыі за нанесеную шкоду ў памеры 1,363 мільёна грыўняў (прыблізна 40 тысяч даляраў паводле афіцыйнага курсу Нацыянальнага банку Ўкраіны. — РС), а таксама кампэнсаваць дзяржаве вартасьць правядзеньня экспэртыз, якая склала 16,8 тысяч грыўняў (470 даляраў у эквіваленце).
Асуджаны можа абскардзіць вырак цягам 30 дзён. Да моманту разгляду апэляцыі вырак не набудзе юрыдычнай моцы, а ён будзе заставацца пад падпіскай аб нявыезьдзе з Украіны.
Беларускія дарожнікі ва Ўкраіне
З 2017 году беларускія дарожнікі стала ўдзельнічалі ў тэндэрах на будаўніцтва і рамонт дарог ва Ўкраіне. У жніўні 2019 году яны выйгралі адзін з найбольшых тэндэраў у Ровенскай вобласьці вартасьцю больш як 30 мільёнаў даляраў.
Пасьля гэтага беларускія перамогі на тэндэрах часта суправаджаліся скандальнымі і нават крымінальнымі навінамі: у лютым 2019 году ва ўкраінскім горадзе Новы Буг на Мікалаеўшчыне невядомыя падпалілі беларускі асфальтабэтонны завод, у красавіку 2019-га ў Навабускім раёне Мікалаеўскай вобласьці мясцовыя жыхары, незадаволеныя якасьцю працы беларускіх аўтадарожнікаў, перакрывалі трасу.
Цягам апошніх некалькіх гадоў, яшчэ да пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, у памяшканьні беларуска-украінскай кампаніі «Белаўтадор-Украіна» адбыліся некалькі вобшукаў. Цяпер аднаго з мэнэджараў падазраюць у крымінальных злачынствах.
Тады ў беларуска-ўкраінскім прадпрыемстве «Белаўтадар-Украіна» называлі ўсе гэтыя крымінальныя справы «заказам, каб выціснуць беларускіх дарожнікаў з украінскага рынку».
З моманту расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка, ва Ўкраіне арыштавалі рахункі і маёмасьць усіх украінскіх кампаній, заснавальнікамі якіх былі дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі.