Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх будаўнікоў падазраюць у раскраданьні бюджэту Ўкраіны. Беларусы лічаць, што іх «замовілі»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Упраўленьне Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Жытомірскай вобласьці расьсьледуе справу аб нібыта раскраданьні дзяржаўных грошай, выдзеленых на рамонт і будаўніцтва дарог падраднікам зь Берасьця — дарожна-будаўнічым трэстам № 4.

Днямі сьледчыя атрымалі ў судзе дазвол на допуск да дакумэнтаў і банкаўскіх рахункаў прадпрыемства «Белаўтадар-Украіна», каб пацьвердзіць «наўмыснае завышэньне кошту тавараў, работ і паслуг», пры рамонце дарогі М-21 «Выступовічы-Жытомір-Магілёў-Падольскі (празь Віньніцу)» у Жытомірскай вобласьці і «налічэньня завышанага падатку на дабаўленую вартасьць».

Паводле сьледчых, у выніку схемы, у якой удзельнічалі супрацоўнікі Службы аўтамабільных дарог у Жытомірскай вобласьці ў змове з прадстаўнікамі дарожна-будаўнічага трэсту № 4, прадпрыемства «Белаўтадар-Україна» і гандлёвага дому «Атлянтык», бюджэту Ўкраіны нанесеная шкода ў вялікіх памерах — 18,898 мільёнаў грыўняў (амаль 750 тысяч даляраў у эквіваленце).

Апроч таго, сьледзтва мяркуе, што падраднік набываў будматэрыялы па завышаных коштах і наўмысна заніжаў шэраг паказчыкаў, якія ўплываюць на якасьць дарог.

У расьсьледаваньні фігуруюць кіраўнік Службы аўтамабільных дарог у Жытомірскай вобласьці, генэральны дырэктар дарожна-будаўнічага трэсту № 4 Берасьця, а таксама кіраўнікі прадпрыемства «Белаўтадар-Украіна» і гандлёвага дому «Атлянтык». Сьледзтва падазрае іх у прысваеньні маёмасьці і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, за што ім можа пагражаць пазбаўленьне волі ад 7 да 12 гадоў з канфіскацыяй.

У «Белаўтадар-Украіна» не выключаюць сплянаванай акцыі

У беларуска-украінскім прадпрыемстве «Белаўтадар-Украіна» не выключаюць, што гэта замова, каб выціснуць беларускіх дарожнікаў з украінскага рынку. Два беларускія прадпрыемствы — дарожна-будаўнічы трэст № 4 Берасьця і дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомля — ад 2017 году ўдзельнічаюць ва ўкраінскіх тэндэрах на рамонт і будаўніцтва дарог. За гэты час яны выйгралі некалькі конкурсаў на рамонт і будаўніцтва аўтадарог у розных рэгіёнах Украіны.

«Усе выглядае неяк дзіўна — то спачатку падпальваюць наш завод (ва ўкраінскім горадзе Новы Буг на Мікалаеўшчыне — РС), то потым Усеўкраінскае аб’яднаньне „Свабода“ заклікае не плаціць беларусам па кантрактах... Падобна на нейкую амаль сплянаваную акцыю», — сказаў Свабодзе намесьнік дырэктара прадпрыемства «Белаўтадар-Украіна» Алег Баранец.

Прадстаўнік «Белаўтадар-Украіна» мяркуе, што судовы разгляд справы, калі будзе завершана дасудовае расьсьледаваньне, будзе беспэрспэктыўным:

«Ва Ўкраіне ўсё, што зьвязана з рухам матэрыяльна-грашовых каштоўнасьцяў апэруецца ў электронным выглядзе і ўсё рэгіструецца ў адзіным рэестры падатковых накладных Дзяржаўнай фіскальнай службы. Мы ведаем законы і будаўнічыя нормы, а ўсе дачыненьні аформленыя адпаведнымі дакумэнтамі. Усе нашыя апэрацыі празрыстыя».

Алег Баранец таксама паведаміў, што да верасьня плянуецца аднавіць працу падпаленага сёлета ў лютым асфальтабэтоннага заводу ў Мікалаеўскай вобласьці. «Выканаўцаў, як вядома, затрымалі, але заказчыкаў гэтага падпалу мы пакуль ня ведаем», — дадаў ён.

Летась у жніўні дарожна-будаўнічы трэст № 4 Берасьця выйграў тэндэр на рамонт дарогі М-21 «Выступовічы — Жытомір — Магілёў — Падольскі (праз горад Віньніца)» у Жытомірскай вобласьці. Агульны кошт працаў, якія мусяць завершыцца сёлета да 24 сьнежня, складае 72,054 мільёнаў грыўняў (амаль тры мільёны даляраў у эквіваленце).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG