Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская і прадстаўнікі беларускага бізнэсу за мяжой праводзяць сустрэчы з уладамі Партугаліі


Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы зь дзяржсакратаром Партугаліі Бэрнарду Іву Крузам. Лісабон, 13 лістапада 2023
Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы зь дзяржсакратаром Партугаліі Бэрнарду Іву Крузам. Лісабон, 13 лістапада 2023

Сустрэча зь дзяржсакратаром Партугаліі Бэрнарду Іву Крузам прайшла ў МЗС Партугаліі ў Лісабоне.

Разам зь Ціханоўскай у сустрэчы ўдзельнічалі кіраўнікі беларускіх кампаній і стартапаў, якія працуюць у Партугаліі, а таксама прадстаўніца беларускага стартап-хаба IMAGURU Анастасія Хамянкова.

Ціханоўская падзякавала прадстаўніку ўраду Партугаліі за падтрымку рэлякаванага беларускага бізнэсу і папрасіла партугальскі ўрад зьмякчыць для яго ўмовы працы. Пасьля гэтага бізнэсоўцы маглі расказаць аб праблемах, зь якімі сутыкаюцца іхныя кампаніі, паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.

У прыватнасьці, закранулі пытаньні:

  • абмену досьведам у пляне разьвіцьця бізнэс-асяродзьдзя і заканадаўства ў сфэры бізнэсу для новай Беларусі;
  • спрашчэньня працэдуры легалізацыі для рэлякаваных супрацоўнікаў і атрыманьня ВНЖ;
  • выдачы пашпартоў замежнікаў для тых, хто ня можа аднавіць дакумэнты ў Беларусі;
  • зьняцьцё патрабаваньня апастылю для дакумэнтаў;
  • магчымасьць адкрываць банкаўскія рахункі;
  • зьмякчэньне падатковай нагрузкі для IT-кампаніяў;
  • атрыманьне дакумэнтаў для беларускіх дзяцей, народжаных у Партугаліі.

Прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі дамовіліся, што МЗС Партугаліі вызначыць кантактную асобу, каб працягваць камунікацыю па вырашэньні гэтых пытаньняў.

Ціханоўская зьвярнула ўвагу, што тыя кампаніі, якія пераехалі ў Партугалію, працягваюць працаваць на карысьць зьменаў у Беларусі, падтрымліваюць рэпрэсаваных, беларускія ініцыятывы, добраахвотнікаў ва Ўкраіне.

Ціханоўская выказала спадзеў, што гэтыя кампаніі пасьля пераменаў вернуцца ў Беларусь і будуць аднаўляць беларускую эканоміку.

Што яшчэ робіць беларуская дэлегацыя ў Партугаліі

Бліжэйшымі днямі Сьвятлана Ціханоўская мае выступіць з прамовай на Web-Summit у Лісабоне — адной з найбуйнейшых і ўплывовых канфэрэнцый такога кшталту ў сьвеце. Чакаецца, што там будзе каля 70 тысячаў удзельнікаў — прадстаўнікоў тэхналягічных кампаній і буйнога бізнэсу, палітыкаў і журналістаў.

Падчас візыту яна яшчэ сустрэнецца з прэм’ерам, міністрам абароны, каб абмеркаваць падтрымку беларускага бізнэсу за мяжой і мэханізмы ціску на рэжым.

Чакаецца, што Сьвятлана Ціханоўская будзе прысутнічаць на адкрыцьці групы сяброў «За дэмакратычную Беларусь» у партугальскім парлямэнце.

Таксама плянуецца сустрэча з прадстаўнікамі беларускага бізнэсу, арганізаваная ў супрацоўніцтве з Imaguru.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG