9 лістапада Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных спраў Чэхіі Янам Ліпаўскім, паведаміла яе прэс-служба.
Яна лідэрка падзякавала чэскаму МЗС за рашэньне Чэхіі прыняць пяцёх палітзьняволеных, якія выйшлі з-за кратаў, і даць ім урадавыя стыпэндыі і магчымасьць атрымаць міжнародную абарону.
Міністар пацьвердзіў, што на 2024/2025 навучальны год ужо выдзелена яшчэ 5 урадавых стыпэндый для навучаньня ў дактарантуры і магістратуры.
Таксама Ціханоўская падзякавала за візавую праграму МЗС «Грамадзянская супольнасьць». Яна дапамагае актыўным беларусам, а таксама тым, каго ў Беларусі перасьледуюць за іх пазыцыю, атрымліваць доўгатэрміновыя візы і дазволы на пражываньне ў Чэхіі.
Праграма зьяўляецца толькі візавым мэханізмам, мэту знаходжаньня дапамагаюць шукаць прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці, а кансультуе іх у складаных сытуацыях Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы.
Таксама прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасьці папрасілі чэскі ўрад зрабіць новыя выключэньні зь візавых абмежаваньняў для ўсіх студэнтаў зь Беларусі, а таксама для блізкіх сваякоў тых, хто ня можа паехаць у Беларусь, каб яны маглі сустрэцца найбліжэйшым часам у Чэхіі.
Ціханоўская таксама заклікала аўтаматызаваць працэс выдачы праязных дакумэнтаў і пашпартоў іншаземцаў для тых, у каго скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта Рэспублікі Беларусь, а таксама падрыхтаваць адмысловую інструкцыю з чэскага боку, якая дапамагла б беларусам Чэхіі ў вырашэньні падобных сытуацый.