Памёр былы міністар замежных спраў (2007—2009, 2010—2013) і ганаровы старшыня лібэральна-кансэрватыўнай партыі TOP 09 Карэл Шварцэнбэрг.
Шварцэнбэрга перавялі ў венскую лякарню на мінулым тыдні. Па словах яго атачэньня, гэта было заплянавана, піша выданьне Seznam Zprávy.
Выданьне Echo24 са спасылкай на крыніцу ў сям’і Шварцэнбэрга піша, што апошнія двое сутак палітык знаходзіўся ў цяжкім стане і ў рэжыме штучнага сну.
Ягоную сьмерць пацьвердзіў у сацыяльнай сетцы X сузаснавальнік TOP 09 і экс-міністар фінансаў Міраслаў Калаўсэк.
Шварцэнбэрга шмат разоў вымушаныя былі шпіталізаваць з-за нявызначаных праблем са здароўем. Але ён меў зносіны з журналістамі падчас знаходжаньня ў шпіталі — на мінулым тыдні ён камэнтаваў прысуд былому дэпутату TOP 09 Дамініку Фэры.
28 кастрычніка Шварцэнбэрг ня ўдзельнічаў у цырымоніі ўручэньня дзяржаўных узнагарод, калі прэзыдэнт краіны Пэтар Павэл узнагародзіў яго ордэнам Белага Льва. Ордэн для яго прыняў сын Ян.
Шварцэнбэрг, вядомы ў палітычных і грамадзкіх колах як Князь, нарадзіўся ў Празе ў 1937 годзе. Дзяцінства правёў у Паўднёвай Чэхіі. Пасьля камуністычнага перавароту ў 1948 годзе маёмасьць яго сям’і сканфіскавалі, прылічыўшы род да «непажаданай арыстакратыі», і Шварцэнбэргі схаваліся ў суседняй Аўстрыі.
Шварцэнбэрг не забываў сваю радзіму нават у віры грамадзкага жыцьця Вены. У адным са сваіх замкаў ён заснаваў Чэхаславацкі дакумэнтацыйны цэнтар — архіў забароненай на той час літаратуры. У 1984 годзе ён стаў старшынёй Міжнароднага Хэльсінкскага камітэта правоў чалавека, займаўся падтрымкай чэхаславацкага дысыдэнцтва.
Пасьля 1989 году ён стаў на бок лідэра «аксамітнай рэвалюцыі» Вацлава Гаўла, зь якім яго на той час ужо зьвязвала даўняе сяброўства. Улетку 1990 ён стаў канцлерам Гаўла.
З 1996 году Шварцэнбэрг выдаваў уплывовы палітычны штотыднёвік Respekt.
Пік палітычнай кар’еры Карэла Шварцэнбэрга прыйшоўся на 2013 год, калі ён супрацьстаяў Мілашу Зэману на прэзыдэнцкіх выбарах. У 2015-м Зэман, які перамог, заявіў, што «ва Ўкраіне ідзе грамадзянская вайна», і гэта выклікала вострую крытыку, у тым ліку з боку Шварцэнбэрга, які назваў гэта адкрытай вайной Расеі супраць Украіны.
Карэл Шварцэнбэрг падтрымліваў дэмакратычную супольнасьць Беларусі, пасьлядоўна крытыкаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі і выступаў супраць сьмяротнага пакараньня. Увосень 2014 году ён наведаў Беларусь. Лічыў, што Эўропе варта было зьняць санкцыі з афіцыйнага Менску пасьля ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне.
У 2018-м Карэл Шварцэнбэрг крытыкаваў ідэю пабудовы рэстарацыі ў Курапатах пад Менскам. Ён прыгадаў у камэнтары Свабодзе гісторыю з Чэхіі, дзе быў падобны выпадак. Каля канцэнтрацыйнага цыганскага лягеру часоў ІІ сусьветнай вайны ў Паўднёвай Чэхіі камуністы ў 70-я гады пабудавалі сьвінакомплекс.
Гэта справакавала пратэсты, але шмат гадоў сытуацыя не вырашалася. Нарэшце ўрад выкупіў сьвінарнік ва ўладальніка, вырашыў зьнесьці комплекс ды паставіць помнік.
У 2018-м годзе Шварцэнбэрга ўзнагародзілі мэдалём да 100-годзьдзя БНР – «на знак прызнаньня заслугаў дзеля беларускай незалежнасьці і дэмакратыі».