Галоўныя выступоўцы на канфэрэнцыі — лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі Сьвятлана Ціханоўская і міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна.
Мэта канфэрэнцыі — абмеркаваць эстонска-беларускія адносіны, стратэгію што да Беларусі, спосабы падтрымкі рэпрэсаваных і палітвязьняў, шляхі прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці.
Сьвятлана Ціханоўская адкрыла канфэрэнцыю дыстанцыйна — зламаўся самалёт, таму дэлегацыя не змагла прыбыць своечасова і цяпер знаходзіцца па дарозе ў Талін, паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай.
У сваёй прамове яна расказала пра цяжкую сытуацыю ў Беларусі, што «ў лукашэнкаўскіх турмах тысячы палітзьняволеных, якія патрабуюць нашай падтрымкі».
«Уступленьне Беларусі ў Эўразьвяз — гэта наша мэта. Толькі ў Эўразьвязе Беларусь зможа сапраўды стаць заможнай і незалежнай краінай. І гэта адзіная альтэрнатыва „русскому миру“, куды нас уцягваюць Пуцін і Лукашэнка.
Я ведаю, што гэты шлях будзе нялёгкі. Многія скажуць — немагчымы. Але гэта атрымалася ў нашых балтыйскіх суседзяў — Літвы, Латвіі, Эстоніі. Цяпер да гэтага набліжаюцца Малдова і Ўкраіна. Я ўпэўнена, гэта атрымаецца і ў нас. А Эстонія будзе падтрымліваць нас на гэтым шляху...
Я дзякую эстонскаму ўраду і народу Эстоніі за прынцыповую і непахісную падтрымку дэмакратычнай Беларусі».
Раней Эстонія прызначыла спэцыяльнага прадстаўніка пры дэмакратычных сілах Беларусі Марка Кóплімаа, які дапамагае ўмацоўваць сувязі. Па прыкладзе Эстоніі на гэтым тыдні і Швэцыя прызначыла сваю прадстаўніцу па сувязях з дэмакратычнай Беларусьсю — Крыстыну Юганэсан.
Першая эстонска-беларуская канфэрэнцыя сабрала каля 250 удзельнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў АПК, Каардынацыйнай рады, беларускіх мэдыяў, праваабаронцаў, актывістаў, а таксама прадстаўнікоў ураду Эстоніі, экспэртаў, дыпляматычны корпус у Таліне.
Канфэрэнцыю арганізавала эстонскае Міністэрства замежных спраў разам з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
У анонсе беларускай канфэрэнцыі адзначаецца, што яна дапаможа забясьпечыць наяўнасьць Беларусі на эўрапейскім парадку дня.
У форуме бяруць удзел дэмакратычныя актывісты, палітыкі, экспэрты, журналісты і лідэры грамадзянскай супольнасьці з усяго рэгіёну.
Панэльная дыскусія ўключае тэмы свабоды мэдыя і ролі грамадзянскай супольнасьці, правоў чалавека і адказнасьці рэжыму ў Беларусі, а таксама візіі будучай Беларусі.
У дыскусіях акцэнтуецца ўвага на сучасных выкліках, зь якімі сутыкаюцца беларускі народ і дэмакратычная супольнасьць, грамадзкае супольнасьць і мэдыя ў кантэксьце ўмацаваньня аўтарытарызму ў Беларусі, а таксама на фоне расейскай агрэсіі супраць Украіны.