Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала працягваць замежную дапамогу незалежным беларускім СМІ


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

У Вільні праходзіць сэмінар «Свабода СМІ і Беларусь».

9 лістапада на сэмінары ў Вільні выступіла Сьвятлана Ціханоўская, якая заявіла, што працягне «прасіць аб павелічэньні дапамогі беларускім незалежным СМІ», піша «Позірк».

«Таму што гэта не дабрачыннасьць, а інвэстыцыі ў бясьпечную, спакойную і мірную будучыню Эўропы», — падкрэсьліла яна.

Палітык падзякавала арганізатарам форуму — амбасадам Ірляндыі, Нарвэгіі і Фінляндыі, Беларускай і Літоўскай асацыяцыям журналістаў. Яна таксама падзякавала ўраду Літвы і літоўцам за «падтрымку і салідарнасьць».

Паводле Ціханоўскай, «сьмеласьць і самаахвярнасьць» беларускіх журналістаў «сапраўды натхняюць».

«Я ведаю, як цяжка працаваць у выгнаньні, — заявіла Ціханоўская. — Я ведаю, як моцна вы рызыкуеце сабой, сваімі сем’ямі і асабістым жыцьцём. Але ўсе вашыя намаганьні, накіраваныя на выяўленьне ісьціны, ня зьнікнуць дарма. Кожны дзень вашай працы набліжае нашу супольную перамогу».

«Наша ніва», «Зеркало», Hrodna.life, «Эўрарадыё», «Белсат», Радыё Свабода, «Позірк» і многія-многія іншыя — вы служылі беларусам у самы цяжкі момант нашай рэвалюцыі і працягваеце служыць ім цяпер. Гэта заслугоўвае вялікай павагі і захапленьня. Вы зьяўляецеся тым найважнейшым зьвяном, якое зьвязвае беларусаў у выгнаньні зь беларусамі ўнутры краіны», — дадала яна.

Многія беларускія журналісты, сказала яна, «ужо заплацілі за гэта вялікую цану»:

«Андрэй Аляксандраў, Кацярына Андрэева, Дзяніс Івашын, Андрэй Кузьнечык, Ігар Лосік, Ксенія Луцкіна, Павал Мажэйка, Анджэй Пачобут, Ларыса Шчыракова, Ірына Слаўнікава, Марына Золатава і многія іншыя — 33 журналісты і прадстаўнікі мэдыя, адпраўленыя рэжымам Лукашэнкі за краты».

Ціханоўская запэўніла, што дэмакратычныя сілы «ня спыняцца», пакуль «кожны зь іх і ўсе палітвязьні ня будуць вызваленыя». Яна перакананая, што рэпрэсіі з боку рэжыму ў Менску ня спыняць перамены ў Беларусі.

«Наша барацьба за свабоду цяжкая, але яна адзіна правільная, — сказала палітык. — Я ня ведаю, колькі часу яна зойме. Я ня ведаю, якія выпрабаваньні чакаюць нас наперадзе. Але, каб перамагчы ў гэтай барацьбе, мы мусім ствараць саюзы. На міжнароднай арэне ў нас ужо шмат сяброў, якія нас падтрымліваюць».

«Мы павінны супрацьстаяць расейскай і рэжымнай прапагандзе. Так, магчыма, у іх больш рэсурсаў і інструмэнтаў. Але ў нас ёсьць лепшыя спэцыялісты, у нас ёсьць магутныя саюзьнікі па ўсім сьвеце, у нас ёсьць перадавы досьвед іншых краін. Давайце выкарыстоўваць гэты патэнцыял у поўнай меры», — заклікала Ціханоўская.

Яна паведаміла, што напярэдадні яна наведала офіс YouTube у Бэрліне.

«Яны запэўнілі мяне, што зробяць усё магчымае для падтрымкі беларускіх СМІ, даўшы інструмэнты, навучаньне і рэклямны бюджэт. Тэхналягічныя кампаніі могуць зрабіць значна больш для свабоды СМІ ў Беларусі, і мы зробім усё магчымае, каб прыцягнуць іх на свой бок», — сказала палітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG