Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская абмеркавала ў бэрлінскім офісе YouTube падтрымку беларускай мовы і блякаваньне прапаганды сілавікоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пытаньні падтрымкі беларускай мовы, прасоўваньня беларускага кантэнту і блякаваньня прапаганды абмеркавалі ў бэрлінскім офісе відэагостынгу YouTube кампаніі Google Сьвятлана Ціханоўская і рэгіянальны дырэктар YouTube Сабін Франк, адказная за сувязі з урадамі.

Пра гэта паведаміў «Позірку» галоўны дарадца дэмакратычнага лідэра Франак Вячорка.

Паводле яго, Сьвятлана Ціханоўская падзякавала за рэгулярную камунікацыю, вырашэньне пытаньняў беларускіх мэдыя, разблякаваньне беларускіх каналаў і кантэнту.

Цяпер беларуская мова даступная ў інтэрфэйсе плятформы, а таксама падтрымліваецца ў большасьці сэрвісаў YouTube, у тым ліку дазваляецца манэтызацыя беларускамоўнага кантэнту.

Сабін Франк адзначыла, што пакуль плятформа не падтрымлівае беларускай мовы ў Google Ads, але такая магчымасьць абмяркоўваецца.

Падчас сустрэчы адзначана, што YouTube адсочвае і стараецца выдаляць відэазапісы, зробленыя сілавікамі з удзелам затрыманых з палітычных матываў грамадзян. Каналы і акаўнты прапагандыстаў і арганізацый, супраць якіх уведзены санкцыі ЭЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі, таксама выдаляюцца з плятформы.

Акрамя таго, YouTube прапануе бясплатныя рэклямныя бюджэты для беларускіх грамадзкіх арганізацый і СМІ праз партнэрскую арганізацыю TechSoup.

Ціханоўская зьвярнула ўвагу на дамінаваньне расейскага і прапагандысцкага кантэнту ў трэндах YouTube і адсутнасьць там беларускіх незалежных СМІ.

«Прадстаўніца YouTube паабяцала зьвярнуць на гэта ўвагу», — сказаў Вячорка.

На сустрэчы таксама абмеркавалі таксама магчымасьць арганізацыі трэнінгаў спэцыялістаў YouTube для беларускіх журналістаў і ініцыятыў. Ціханоўская наведвала Бэрлін 7-8 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG