Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьмяняецца ў Беларусі з 1 лістапада


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ужо ў сераду пачынаецца новы месяц, лістапад. Зь ім разам — новы бюджэт пражытковага мінімуму, цэны і іншае. Свабода паглядзела, што зьменіцца для беларусаў у апошні месяц восені.

Новы бюджэт пражытковага мінімуму

З 1 лістапада 2023 году па 31 студзеня 2024 году ў Беларусі будзе дзейнічаць новы бюджэт пражытковага мінімуму. У сярэднім на душу насельніцтва ён вырас на 3 рублі.

Разам зь ім вырастуць і некаторыя віды сацыяльнай дапамогі, у тым ліку дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.

Падаражэньне цыгарэт

Адразу на шэраг відаў тытунёвай прадукцыі ў лістападзе вырастуць цэны. Гэта тычыцца тавараў ад «Тытунь-інвэст», марак цыгарэт Winston і Sobranie і іх розных відаў. Шэраг марак падаражэе адразу на 30 капеек, паведаміла Міністэрства падаткаў і збораў.

Акрамя таго, у крамах зьявяцца і новыя маркі цыгарэт.

Цэны на цыгарэты ад Inter Tobacco і Горадзенскай тытунёвай фабрыкі ня зьменяцца.

Зьмяняюцца тарыфы на стаматалягічныя паслугі

З 1 лістапада будуць рэгулявацца тарыфы на ўсе віды стаматалягічных паслуг. За кошт рэгуляваньня тарыфаў платныя стаматалягічныя паслугі хочуць зрабіць больш даступнымі.

У Беларусі ў гэтай сфэры ўжо рэгулююць цэны на артапэдычныя і зубатэхнічныя паслугі. Пры гэтым раней не было кантролю за амі на тэрапэўтычныя, хірургічныя, артадантычныя стаматалягічныя паслугі.

Акрамя таго, Міністэрства аховы здароўя вызначыла, колькі часу і матэрыялаў патрэбна для платных паслуг у стаматалёгіі.

Увядзеньне тарыфаў за фанаграмы

З 13 лістапада ў Беларусі запрацуюць тарыфы на музыку, якую трансьлююць у публічных месцах па паралельным імпарце. Урад зацьвердзіў сумы ўзнагарод за выкарыстаньне фанаграм у камэрцыйных мэтах бяз згоды праваўладальнікаў.

За публічную трансьляцыю фанаграм на канцэртах, фэстывалях, конкурсах і іншых масавых мерапрыемствах з платным доступам аўдыторыі памер узнагароджаньня складзе 0,2% ад сумаў, атрыманых ад продажу білетаў.

А пры трансьляцыі музычных запісаў ва ўстановах грамадскага харчаваньня, гандлёвых пунктах і забаўляльных месцах (казіно, музэі, выставы) зь бясплатным доступам наведнікаў сума адлічэньняў ранжыруецца ў залежнасьці ад памеру памяшканьня:

  • 0,1 базавай велічыні (3,7 рубля) — да 30 кв. м;
  • 0,2 БВ (7,4 рубля) — ад 30 да 60 кв. м;
  • 0,3 БВ (11,1 рубля) — ад 60 да 100 кв. м;
  • 0,4 БВ (14,8 рубля) — ад 100 да 150 кв. м;
  • 0,5 БВ (18,5 рубля) — ад 150 да 200 кв. м;
  • 0,6 БВ (22,2 рубля) — ад 200 да 300 кв. м;
  • 0,7 БВ (25,9 рубля) — ад 300 да 500 кв. м.

На больш прасторных пляцоўках узнагароджаньне павялічваецца на 0,1 БВ за кожныя 100 кв. м.

Выкарыстаньне фанаграмы ў этэры, па кабэлі, у інтэрнэце ў складзе радыёпраграм цягне ўзнагароджаньне ў памеры 0,2% ад атрыманага рэклямнага прыбытку або ад 1 да 5 БВ у месяц у залежнасьці ад дзелі трансьляцыі фанаграм у аб’ёме вяшчаньня ў месяц (ад 10 да 50%).

Тыя, хто перадае «чужыя» радыёпраграмы праз спадарожнік ці ў інтэрнэце, будуць плаціць 0,2% ад сумы абанэнцкай платы, але ня менш за 1 базавую велічыню ў месяц, калі адсутнічае даход у выглядзе абанэнцкай платы.

Завяршаецца тэрмін «пэнсійнай» зьніжкі

З 1 лістапада праезд для пэнсіянэраў у электрацягіках падаражэе. Больш ня дзейнічае адмысловая сэзонная зьніжка ў 50%.

Але гэта традыцыйны ход, які ўжо меў месца раней. Ільгота традыцыйна дзейнічае з 1 траўня па 31 кастрычніка, на час дачнага сэзону, а затым яе дзеяньне спыняецца.

Вялікія выходныя

У лістападзе ў Беларусі адразу чатыры выходныя запар — з 4 па 7 лістапада. Беларусь застаецца апошняй краінай сьвету, дзе 7 лістапада афіцыйна адзначаецца яшчэ савецкае сьвята — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Працоўным меўся быць панядзелак, 6 лістапада, але Міністэрства працы пастанавіла зрабіць яго выходным, а замест яго прызначыла рабочым днём суботу, 11 лістапада.

Дадатковыя цягнікі на сьвяты

У сувязі з доўгімі сьвятамі Беларуская чыгунка прызначыла адразу 100 дадатковых цягнікоў. Яны будуць курсаваць з 2 па 8 лістапада.

Што тычыцца пераходу чыгуначнага руху на новы графік, то ён адбудзецца не ў лістападзе, а 10 сьнежня. Тады зьменіцца рух шэрагу цягнікоў, адбудуцца і іншыя зьмены для чыгуначнага транспарту.

Зьмены ў банках

  • «Белгазпрамбанк» зь 1 лістапада зьменіць сьпіс апэрацый, па якіх не спаганяецца ўзнагароджаньне за безнаяўныя залічэньні па базавых рахунках. У пераліку такіх паслуг зьявіцца вяртаньне ў банк раней выстаўленага плацежнага патрабаваньня праз аўтаматызаваную інфармацыйную сыстэму выкананьня грашовых абавязаньняў.
  • Нацыянальны банк апублікаваў на лістапад разьліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР). Гэта працэнтная столь па банкаўскіх крэдытах, у першую чаргу — на нерухомасьць. Калі зыходзіць з гэтага паказьніка, банкаўскія пазыкі ў найбліжэйшы месяц не павінны даражэць.
  • «МТБанк» ад 27 лістапада зьменіць камісію за выдачу даляраў і эўра для фізычных асоб-нерэзыдэнтаў.
  • «Белаграпрамбанк» ад 1 лістапада зьніжае абанэнтную плату за абслугоўваньне картак Masterсard World «О-GO!» — з 4 да 2,5 рубля, а па Mastercard Standard «Моцная картка» (якая выпускаецца ў партнэрстве з гандлёвай сеткай «ПерекрестОК») — павысіць (з 1,5 да 2,5 рубля). Таксама гэтая фінансавая ўстанова з пачатку лістапада перагледзіць памер камісіі за выпуск некаторых картак нерэзыдэнтам Беларусі.
  • Нацыянальны банк у лістападзе таксама мае намер выпусьціць некалькі новых памятных манэт. Сярод іх — манэты сэрыі «Архітэктурная спадчына Беларусі».

Беларускі Чырвоны Крыж можа атрымаць новага кіраўніка

Гэта адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі ўлады Беларусі выканаюць патрабаваньні Міжнароднай фэдэрацыі Чырвонага Крыжа. Яна раней запатрабавала ад Беларускага Чырвонага Крыжа вызваліць Генэральнага сакратара Дзьмітрыя Шаўцова ад займанай пасады не пазьней за 30 лістапада 2023 году.

Такое патрабаваньне зьвязанае з тым, што Шаўцоў адкрыта насіў прарасейскую вайсковую сымболіку і наведваў акупаваныя рэгіёны Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG