Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падлеткам у Беларусі з 16 гадоў дазволяць весьці бізнэс, але абмяжуюць магчымасьці адкрываць рахункі ў банках


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Папраўкі ў Грамадзянскі кодэкс, якія Палата прадстаўнікоў Беларусі ўжо прыняла ў двух чытаньнях, прадугледжваюць абмежаваньні для непаўналетніх ва ўзросьце ад 14 да 18 гадоў на ажыцьцяўленьне ўгодаў і правядзеньне банкаўскіх апэрацый бяз згоды бацькоў, але адкрываюць магчымасьці для законнага бізнэсу, заўважыла «Зеркало».

Законапраект апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У кодэксе зьмяняецца артыкул 25 аб дзеяздольнасьці непаўналетніх. Цяпер там, сярод іншага, пазначана, што падлетак ва ўзросьце ад 14 да 18 гадоў мае права сам, бяз згоды бацькоў, уносіць грошы ў банкі ці нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі і распараджацца імі ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Пасьля паправак фармулёўка стане іншай: падлетку будзе дазволена «выступаць укладчыкам па дамове банкаўскага ўкладу (дэпазыту), уладальнікам бягучага (разьліковага) банкаўскага рахунку фізычнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўваньня».

Як патлумачыла кіраўніца заканадаўчай камісіі парлямэнту Сьвятлана Любецкая, папраўку ўвялі для таго, каб абмежаваць уцягваньне падлеткаў у злачынную актыўнасьць. Цяпер падлеткі могуць заводзіць банкаўскія карткі з 14 гадоў, і ёсьць выпадкі, калі яны атрымліваюць на іх грошы ад працы наркакур’ерамі або становяцца саўдзельнікамі для тэлефонных ашуканцаў: заводзяць картку на сваё імя і перадаюць злачынцам, а тыя выкарыстоўваюць яе для вываду грошай.

Папраўкі прадугледжваюць, што падлеткі змогуць бяз згоды бацькоў адкрываць у банку разьліковыя рахункі толькі з базавымі ўмовамі абслугоўваньня — для атрыманьня стыпэндыі, заробку. Ва ўсіх астатніх выпадках трэба будзе згода аднаго з бацькоў, патлумачыла дэпутатка.

Затое падлеткам пашыраць магчымасьці працаваць. Цяпер у іх з 16 гадоў ёсьць права быць чальцамі каапэратываў, згода бацькоў для гэтага не патрэбная.

Пасьля ўнясеньня паправак падлеткі 16-17 гадоў са згоды бацькоў змогуць таксама:

  • займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю ў якасьці ІП — з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў; прычым у такім выпадку падлетак можа быць прызнаны цалкам дзеяздольным;
  • на такой жа ўмове можна будзе займацца іншай дзейнасьцю, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай, — рамесьніцтвам, рэпэтытарствам, фотаздымкамі і іншым, увесь сьпіс прыводзіцца ў арт. 1 Грамадзянскага кодэксу Беларусі.
  • з 16 гадоў са згоды бацькоў падлетак зможа стаць заснавальнікам або ўдзельнікам юрыдычнай асобы, а калі гэтая юрыдычная асоба (акцыі, маёмасьць фірмы) дастанецца яму ў спадчыну, то ўступіць у свае правы можна будзе ўжо з 14 гадоў бяз згоды бацькоў.

Зьмены ў Грамадзянскі кодэкс яшчэ павінен ухваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандар Лукашэнка. Пасьля афіцыйнай публікацыі закону ён набудзе сілу толькі праз год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG