Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторыя банкі абвясьцілі пра зьмены для кліентаў у лістападзе. Што канкрэтна зьменіцца


Некаторыя беларускія банкі абвясьцілі, што ў лістападзе ўвядуць зьмены для сваіх кліентаў. Журналісты парталу «Зеркало» сабралі падборку такіх зьмен.

  • «Белгазпрамбанк» зь 1 лістапада зьменіць сьпіс апэрацый, па якіх не спаганяецца ўзнагароджаньне за безнаяўныя залічэньні па базавых рахунках. У пераліку такіх паслуг зьявіцца вяртаньне ў банк раней выстаўленага плацёжнага патрабаваньня праз аўтаматызаваную інфармацыйную сыстэму выкананьня грашовых абавязаньняў.
  • Нацыянальны банк апублікаваў на лістапад разьліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР). Гэта працэнтная столь па банкаўскіх крэдытах, у першую чаргу — на нерухомасьць. Калі зыходзіць з гэтага паказьніка, банкаўскія пазыкі ў найбліжэйшы месяц не павінны даражэць.
  • «МТБанк» ад 27 лістапада зьменіць камісію за выдачу даляраў і эўра для фізычных асоб-нерэзыдэнтаў.
  • «Белаграпрамбанк» ад 1 лістапада зьніжае абанэнтную плату за абслугоўваньне картак Masterсard World «О-GO!» — з 4 да 2,5 рубля, а па Mastercard Standard «Моцная картка» (якая выпускаецца ў партнэрстве з гандлёвай сеткай «ПерекрестОК») — павысіць (з 1,5 да 2,5 рубля). Таксама гэтая фінансавая ўстанова з пачатку лістапада перагледзіць памер камісіі за выпуск некаторых картак нерэзыдэнтам Беларусі.
  • Нацыянальны банк у лістападзе таксама мае намер выпусьціць некалькі новых памятных манэт. Сярод іх — манэты сэрыі «Архітэктурная спадчына Беларусі».

Раней у кастрычніку стала вядома, што беларусы сёлета набралі рэкордны аб'ём спажывецкіх крэдытаў. У жніўні 2023 году абʼём выдачы спажывецкіх крэдытаў беларускімі банкамі паставіў новы рэкорд, дасягнуўшы 967,3 млн рублёў. Выдача крэдытаў на фінансаваньне нерухомасьці таксама паскорылася.

Паводле зьвестак Нацыянальнага банку Беларусі, прыведзеных у Статыстычным бюлетэні за жнівень 2023 году, у параўнаньні зь ліпенем банкі далі насельніцтву крэдытаў на 78,1 млн рублёў (на 8,8%) больш, чым у ліпені гэтага году, і прыкладна ў паўтара раза больш, чым у жніўні 2022 году.

Па выніках студзеня–жніўня 2023 году фізычныя асобы ўзялі ў банках крэдытаў на спажывецкія патрэбы на 6742,7 млн рублёў — прыкладна на 2,26 млрд рублёў больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд.

Крэдытаў на фінансаваньне нерухомасьці ў беларускіх рублях банкі выдалі фізычным асобам у жніўні на 287,5 млн рублёў, што перавысіла аналягічны паказчык за ліпень прыкладна на траціну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG