Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць, што рашэньне аб пачатку перамоў з Украінай па ўступленьні ў Эўрапейскі зьвяз адкрые эўрапейскую пэрспэктыву для Беларусі і Грузіі.
«Мы разьлічваем на ваша адзінства ў адказ — на рашэньне аб пачатку перамоў аб уступленьні Ўкраіны ў Эўразьвяз. Гэтае ваша рашэньне стане адным з наймацнейшых у гэтым дзесяцігодзьдзі, і шмат у чым яно вызначыць увесь далейшы шлях Эўразьвязу.
Або выйграе наша з вамі Эўропа разам з Украінай, разам з Малдовай, а ў пэрспэктыве — разам з Грузіяй і Беларусьсю, або выйграе мінулае», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце да ўдзельнікаў пасяджэньня Эўрапейскай рады на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў 26 кастрычніка.
Што раней казаў Зяленскі пра Беларусь
Раней Уладзімір Зяленскі неаднаразова згадваў Беларусь у кантэксьце эўрапейскай інтэграцыі і заяўляў, што свабода Ўкраіны і яе перамога ў вайне з Расеяй зьяўляецца «гарантыяй, што свабода выстаіць у Малдове, не пакіне Грузію і прыйдзе — абавязкова прыйдзе — у Беларусь».
У шэрагу сваіх інтэрвію замежным СМІ ўкраінскі прэзыдэнт казаў, што краіны, якім пагражае Расея могуць пайсьці эўрапейскім шляхам Украіны.
«Вайна пачалася з прычыны таго, што Расея не прызнае нас незалежнай краінай, эўрапейскай краінай. Тое самае адбудзецца і ў Беларусі, дзе людзі таксама жадаюць быць незалежнымі. Чаму Расея павінна вырашаць, як жыць людзям у Беларусі? Ня кожнай краіне даводзіцца праходзіць праз тыя пакуты, якія зазнаем мы, Расея не аблегчыць жыцьцё ні Беларусі, ні Малдове, ні Грузіі. Я спадзяюся, што лідэры ЭЗ праявяць мужнасьць».
У жніўні 2023 году Зяленскі заявіў, што ўкраінская перамога дапаможа разьвязаць сытуацыю ў Беларусі.
«Украінская перамога паставіць кропку. І я вельмі рады за супольнасьць дзяржаў — гэта ня толькі пра Беларусь, бо гэтае пытаньне неаб’яднанай Малдовы і пытаньне Грузіі. Я ўпэўнены, што перамога Ўкраіны дасьць магчымасьць палітычнага разьвязаньня, дэмакратыі і вяртаньня цэласнасьці гэтых дзяржаваў», — сказаў Зяленскі.