Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША абраны рэспубліканец Майк Джонсан. Ён выступае супраць дапамогі Ўкраіне


Майкл Джонсан, абраны сьпікерам Палаты Прадстаўнікоў ЗША
Майкл Джонсан, абраны сьпікерам Палаты Прадстаўнікоў ЗША

Сьпікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША з чацьвёртага разу абраны прадстаўнік Рэспубліканскай партыі Майк Джонсан, паведамляе CNN.

За кандыдатуру Джонсана на пасаду сьпікера прагаласавалі 220 рэспубліканцаў з 221. Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Хакім Джэфрыс атрымаў 209 галасоў. Для перамогі неабходна было сабраць 217 галасоў.

Майк Джонсан вядомы як прыхільнік палітыкі Дональда Трампа — ён уваходзіў у каманду юрыстаў Трампа і абараняў экс-прэзыдэнта ЗША падчас абодвух імпічмэнтаў.

Таксама новы сьпікер Палаты прадстаўнікоў выступаў супраць наданьня дапамогі Ўкраіне. У прыватнасьці, Джонсан галасаваў супраць выдзяленьня Кіеву пакета дапамогі на 40 мільярдаў даляраў.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», у першай прамове пасьля свайго абраньня сьпікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША Джонсан заявіў пра непарушную падтрымку Ізраілю, неабходнасьць аховы паўднёвай мяжы ЗША і скарачэньне дзяржаўнага доўгу.

«Мы адновім давер да гэтага органа (Палаты прадстаўнікоў — РС]. Мы будзем прасоўваць усёабдымную кансэрватыўную палітычную праграму, змагацца са згубнай палітыкай адміністрацыі Байдэна і падтрымліваць нашых саюзьнікаў за мяжой», — гаворыцца ў заяве Джонсана, зробленай неўзабаве пасьля галасаваньня.

  • 4 кастрычніка Палата прадстаўнікоў ЗША адхіліла сьпікера Кевіна Маккарці ад пасады — яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з дэмакратамі, якое дазволіла прыняць рашэньне аб часовым падаўжэньні фінансаваньня працы амэрыканскага ўраду.
  • За адстаўку Маккарці выказаліся 216 кангрэсоўцаў, 210 выступілі супраць. Гэта стала першым выпадкам у гісторыі ЗША, калі заканадаўцы Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі за адстаўку свайго старшыні.
  • 1 кастрычніка прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон аб часовым бюджэце, які прадугледжвае фінансаваньне ўраду на бліжэйшыя 45 дзён, але не ўключае вайсковую дапамогу Ўкраіне. Раней закон ухваліла Палата прадстаўнікоў. Калі б гэтага не было зроблена, з 1 кастрычніка ўрад быў бы змушаны прыпыніць працу (акрамя экстраных службаў), дзясяткі тысяч фэдэральных службоўцаў адправілі б у адпачынак без захаваньня заробку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG