Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон аб часовым бюджэце, які прадугледжвае фінансаваньне ўрада да 17 лістапада 2023 года, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Закон дазволіць пазьбегнуць частковага прыпынку працы фэдэральнага ўрада (шатдаўна), які мог бы наступіць пасьля паўночы ў нядзелю, 1 кастрычніка.
У другой палове дня суботы Палата прадстаўнікоў падтрымала ўнесены сьпікерам Кевінам Макарці законапраект аб працягу фінансаваньня ўрада. Каля дзевяці гадзін вечара Сэнат большасьцю галасоў таксама прагаласаваў «за».
За паўгадзіны да паўночы па ўсходнім часе ЗША — тэрміну магчымага шатдаўна — зьявілася паведамленьне аб тым, што прэзыдэнт Байдэн падпісаў закон аб часовым бюджэце. Закон на 47 дзён захавае дзяржаўныя выдаткі на ўзроўні мінулага фінансавага года, які завяршыўся ў суботу, 30 верасьня.
Часовы бюджэт прадугледжвае павелічэньне фэдэральнай дапамогі на ліквідацыю наступстваў стыхійных бедзтваў да $ 16 млрд, у адпаведнасьці з запытам адміністрацыі Джо Байдэна, але не прадугледжвае сродкаў на дапамогу Ўкраіне.
Пытаньне аб фінансаваньні дапамогі Ўкраіне не здымаецца з парадку дня, заявіў у інтэрвію тэлеканалу CNN сэнатар Крыс Кунс (дэмакрат ад штата Дэлавэр).
«Мы ні пры якіх абставінах не можам дазволіць амэрыканскай падтрымцы Ўкраіны перапыніцца», — гаворыцца ў заяве Белага дома.
Прыняцьце часовага бюджэту да пачатку кастрычніка дазволіла пазьбегнуць частковага прыпынку працы фэдэральнага ўрада (шатдаўна), якая магла б пачацца апоўначы. У гэтым выпадку многія фэдэральныя служачыя былі б вымушаны пайсьці ў адпачынак, больш за 2 млн вайскоўцам і рэзэрвістам прыйшлося б працаваць без зарплаты, паставіўшы пад пагрозу выкананьне праграм і паслуг, на якія належаць амэрыканцам па ўсёй краіне.