Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аздараўленьне 600 тысяч дзяцей, праверкі КДБ. Як працаваў фонд «Дзеці Чарнобыля», адна зь першых НДА ў Беларусі


Заснавальнік і старшыня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы (1950 – 2014). Каляж
Заснавальнік і старшыня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы (1950 – 2014). Каляж

Беларускія ўлады зьліквідавалі паўтары тысячы грамадзкіх арганізацый. Нядаўна стала вядома пра ліквідацыю камітэту «Дзеці Чарнобыля». Ці адновіцца грамадзянская супольнасьць у Беларусі калі-небудзь?

Пагаварылі з Ірынай Грушавой, сузаснавальніцай адной зь першых НДА — фонду «Дзецям Чарнобыля», створанага ў 1989 годзе.

Фонд Генадзя Грушавога «Дзецям Чарнобыля» праіснаваў 23 гады

З 1989 па 2012 год на аздараўленьне ў замежныя краіны дзякуючы фонду трапілі каля 600 тысяч дзяцей. Тым, хто меў патрэбу, аплацілі лячэньне. Больш за тысячу беларускіх лекараў прайшлі стажаваньне ў замежных клініках.

Грушавы, на думку нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, першым сфармуляваў тыя зьмены, якія адбыліся ў сьвядомасьці грамадзтва з чарнобыльскай катастрофай. Філёзаф па адукацыі, ён змог трансфармаваць неразуменьне і страх, зьвязаныя з аварыяй, у стваральнае дзеяньне і спрабаваў навучыць гэтаму людзей.

Алесь Адамовіч і Генадзь Грушавы ў пачатку 1990-х
Алесь Адамовіч і Генадзь Грушавы ў пачатку 1990-х

Паездкі беларускіх дзяцей за мяжу, апроч аздараўленчай, мелі яшчэ і гуманітарную мэту. У іх зьявілася магчымасьць пабачыць у 1990-я гады іншае жыцьцё і іншыя адносіны паміж людзьмі.

Уладам гэта не падабалася: энтузіястам перашкаджалі працаваць шматлікімі фінансавымі праверкамі, пазбаўлялі юрыдычнага адрасу. У 1997 годзе заснавальнікі Фонду Генадзь і Ірына Грушавыя вымушаныя былі на год зьехаць зь Беларусі, бо пагражаў арышт. Але потым вярнуліся ў Беларусь і працавалі далей.

У сьнежні 2012 году Генадзь Грушавы абвясьціў аб закрыцьці дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля». Сваё рашэньне ён патлумачыў тым, што чарнобыльскія дзеці вырасьлі і павінны самі пра сябе паклапаціцца.

Генадзь Грушавы, 15 сакавіка 2013 году
Генадзь Грушавы, 15 сакавіка 2013 году

Грушавы адзначыў, што за 23 гады існаваньня фонду ўдалося вырашыць «адну дзяржаўнай важнасьці задачу»: «Мы павінны былі падняць гэтае правінцыйнае грамадзтва на дзейнасьць, зьвязаную з самадапамогай, на дзейнасьць, зьвязаную з тым, каб ратаваць уласных дзяцей сваімі рукамі і сіламі. І мы гэтую задачу выканалі», — заявіў тады Грушавы.

Заснавальнік і старшыня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля», доктар філязофскіх навук, прафэсар, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Генадзь Грушавы памёр 28 студзеня 2014 году ад раку крыві. Ірына Грушавая і дзеці жывуць у Нямеччыне.

Пахаваньне Генадзя Грушавога ў Менску, 14 студзеня 2014 году
Пахаваньне Генадзя Грушавога ў Менску, 14 студзеня 2014 году

«Грамадзянскую супольнасьць улады ва ўсе часы вельмі „граматна“ падрывалі, зьнішчалі»

— Спадарыня Ірына, нагодай для нашай размовы стала тое, што днямі ліквідаваная, бадай, апошняя дабрачынная арганізацыя — Беларускі камітэт «Дзеці Чарнобыля», заснаваны некалі лекаркай Тамарай Белавокай. Усяго, як адзначаюць праваабаронцы, у Беларусі «зачышчана» амаль паўтары тысячы грамадзкіх некамэрцыйных аб’яднаньняў — ад Таварыства беларускай мовы да «Аховы птушак Бацькаўшчыны».

Аляксандар Лукашэнка адкрыта называў «трэці сэктар» «бандытамі і замежнымі агентамі», людзьмі «з павернутымі і прамытымі за чужыя грошы мазгамі». Чаму так адбылося? Вам ня крыўдна?

Ірына Грушавая
Ірына Грушавая

— Шчыра кажучы, я зьдзіўленая, што столькі арганізацый яшчэ існавалі да апошняга часу. Пасьля першай «зачысткі», пасьля Плошчы 2006 году мне здавалася, што грамадзкая супольнасьць фактычна зьнішчана, засталіся невялікія астраўкі, аскепкі.

Бо грамадзянскую супольнасьць улады ва ўсе часы вельмі «граматна» падрывалі, зьнішчалі. З самага пачатку праўленьня Лукашэнкі пачалі ствараць паралельныя структуры, арганізацыі, нібыта не залежныя ад дзяржавы, але заснаваныя дзяржавай. Для замежнікаў яны называліся грамадзянскімі ініцыятывамі, а тыя ж не маглі адрозьніць, што яны цалкам падкантрольныя дзяржаве.

Калі зьявіўся наш Камітэт, а потым і Фонд «Дзецям Чарнобыля», падтрымка ад беларусаў вельмі бедная была, у асноўным яна была ад замежнікаў. Лукашэнка дагэтуль кажа, што ўсё гэта праплаціў Захад. Але насамрэч гэта ня так. Захад прапанаваў супрацоўніцтва: дружбу, фінансавую, матэрыяльную падтрымку, мэдабсталяваньне, лекі, магчымасьць аздараўленьня і лячэньня дзяцей за мяжой. А мазгі, рукі, крэатыўнасьць, ініцыятыва — паходзілі ад беларусаў.

Генадзь Грушавы і чарнобыльскія дзеці
Генадзь Грушавы і чарнобыльскія дзеці

З прыходам да ўлады Лукашэнка забараніў засноўваць арганізацыі безь юрыдычнага адрасу. Раней можна было хоць у сябе на кватэры заснаваць грамадзкую ініцыятыву. А потым ён забараніў: маўляў, арганізацыі безь юрадрасу ня маюць права існаваць. З аднаго боку, улады забаранілі здаваць арганізацыям памяшканьні, а з другога боку — безь юрыдычнага адрасу працаваць немагчыма. Пачаліся шматлікія праверкі. Кантроль быў вельмі сур’ёзны: і грамадзкі, і дзяржаўны. За праверкамі на працу ўжо не хапала ні часу, ні сіл.

Арганізацыі «залягалі на дно», самыя трывалыя выжывалі — хто быў мацнейшы, хітрэйшы, больш крэатыўны.

Мы зачынілі свой фонд «Дзецям Чарнобыля» ў 2012 годзе. Нашы пасьлядоўнікі хацелі зарэгістраваць іншы фонд і назваць яго «Радасьць дзецям Чарнобыля». Два гады ім не давалі гэта зрабіць.

А пасьля плошчы 2020 году ўжо заставаліся адзінкі. Дзіўна, што камітэт «Дзеці Чарнобыля» Белавокай дагэтуль існаваў.

Памяці Генадзя Грушавога
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:46 0:00
Наўпроставы лінк

«Грушавы тады сказаў: няма такога слова — не магу! Рабі — і зможаш»

— З чаго ўсё пачыналася? Канец 1980-х, адбылася Чарнобыльская катастрофа. Некалі вялікая дзяржава — СССР — была ўжо на мяжы развалу. Як вам удалося паўстаць у такі складаны час?

— Нездарма Генадзь Грушавы быў філёзафам, чалавекам з добрым, крэатыўным мысьленьнем. Пасьля Чарнобыльскай катастрофы ён прааналізаваў сытуацыю. У 1989 годзе яны з той жа Тамарай Белавокай, іншымі людзьмі паехалі па чарнобыльскай зоне — гэта быў ня проста шок. Усе былі ўзрушаныя маштабамі трагедыі і тым, што гэта ўсё «затушоўвалася», хавалася. Гэта перакуліла ўсё наша жыцьцё. Мы разумелі, што дзяцей трэба прыбіраць з той зоны. А каб вывезьці на аздараўленьне, патрэбныя грошы.

Генадзь паехаў у Маскву, знайшоў нейкі фонд, які займаўся патройным абменам школьнікаў: Расея, ЗША, Індыя. Расказаў пра нашы праблемы. І 19 сьнежня 1989 году першая група дзяцей з Хойнікаў паехала на аздараўленьне ў Індыю. Былі складанасьці з афармленьнем дакумэнтаў. Яўген Агурцоў і настаўніца з Хойнікаў пагадзіліся суправаджаць гэтых дзетак.

Па тэлебачаньні паказалі гэтых дзяцей у Маскве перад паездкай у Доме дружбы. Я калі іх пабачыла, проста заплакала: гэта такія маленькія «старычкі». Пасьля вяртаньня іх зноў паказалі па тэлебачаньні, гэта былі зусім іншыя дзеці: разьняволеныя, вясёлыя, шчасьлівыя. Я кажу: «Гена, паглядзі, як яны зьмяніліся!» Мы спачатку баяліся, там клімат іншы, а раптам яны захварэюць яшчэ больш? Гэта была рызыка.

Генадзь і Ірына Грушавыя.
Генадзь і Ірына Грушавыя.

А ў Беларусі ўзьняўся крык: «Хто дазволіў павезьці дзяцей у капіталістычную краіну?» Мы надарвалі крыху тую «жалезную заслону».

У красавіку 1990-га я паехала па Нямеччыне, распавядала пра нашу бяду. Прапанавала як адзін з варыянтаў дапамогі перадаць Беларусі мэдыкамэнты. Мне казалі, што немцы адзін раз дапамогуць лекамі, адзін раз запросяць дзяцей на аздараўленьне — і ўсё забудзецца. А аказалася, што ўсё ня так, там было столькі энтузіястаў, людзей, гатовых дапамагчы, нас закідалі запрашэньнямі.

А ў нас жа нічога не было! Быў толькі камітэт «Дзеці Чарнобыля» пры БНФ. Генадзь пасьля паездак па зоне арганізаваў мітынг, людзі на ім выступілі, распавялі, што яны бачылі ў зоне. Тады для нас гэта быў рэальны шок! Мы былі ў зоне, наступілі на газон, а дзеці крычаць: «Туды нельга, ходнік мыюць, а газон не». Альбо бабуля жыве на другім паверсе дома, бо на першым вялікая радыяцыя. Сьвятлана Алексіевіч апісала гэта ў «Чарнобыльскай малітве». Мы з гэтым сутыкаліся жыўцом і разумелі, што трэба штосьці рабіць! А многія ж нічога ня ўмелі.

Грушавы тады сказаў: няма такога слова — не магу. Мы яго ня ведаем. Рабі — і зможаш!«

Мы на пачатку былі «матросы Жалезьнякі», хацелі, каб усё было ідэальна. Лічылі, што наша арганізацыя дабрачынная, а не камэрцыйная. Могуць быць толькі ахвяраваньні. А па сутнасьці ў Беларусі фондаў не было! Бо фонд — гэта найперш грошы. Калі мы ствараліся, мы ж ня ведалі гэтага! Патрэбны капітал, на працэнты ад капіталу існуюць дабрачынныя праграмы. А капітал фонду не кранаецца, ён кладзецца ў аснову. Капітал памнажаецца, выдаткоўваюцца толькі працэнты. А мы лічылі, што наш капітал — мазгі, крэатыўнасьць, дзейнасьць. Давялося высьвятляць, што такое дабрачыннасьць. Я ў Нямеччыне ладзіла сабе «воркшопы», езьдзіла па арганізацыях, вывучала, як там праца наладжаная.

Генадзь Грушавы прыдумаў варыянт з грамадзкай арганізацыяй — Міжнароднай асацыяцыяй гуманітарнага супрацоўніцтва. Бо немцы, пазнаёміўшыся зь дзецьмі, хацелі прымаць у сябе адных і тых жа зноў, яны не хацелі быць «вакзалам» дзяцей. І мы ў фондзе шукалі варыянты. Немцы плацілі ўнёсак — аплачвалі прыезд дзіцяці асабіста. Складаная схема была. І зарплаты павінны выплачвацца супрацоўнікам. Шукалі партнэраў, быў добры час.

Генадзь і Ірына Грушавыя
Генадзь і Ірына Грушавыя

Усе чарнобыльскія арганізацыі, якія потым зьявіліся, яны ж, па сутнасьці, выйшлі з нас. Неяк я была на італьянскім прыёме. Мне было вельмі цікава і прыемна — усе прыходзілі і дзякавалі. Бо я ўключыла ў розныя праграмы адных толькі «ін’язаўцаў» 135 чалавек. Быў кароткі, але залаты час. Людзі працавалі на будучыню. Гэта ня быў бізнэс. Была іскра.

У 1997-м сям’я Грушавых вымушана была эміграваць. Праз год вярнулася

— Але ж вас тады шмат крытыкавалі, былі бясконцыя праверкі. Ведаю, што вы нават вымушаны былі пакінуць Беларусь на пэўны час.

— У 1997 годзе на нас быў сур’ёзны наезд. Разам з наездам на «Адкрытае грамадзтва» — Фонд Сораса. Былі абраныя тры грамадзкія арганізацыі — Анатоля Майсені, Леаніда Заікі і Генадзя Грушавога.

У Фондзе з праверкай тады працаваў КДБ — дзьве жанчыны і адзін мужчына. Нібыта мы грузавікі з арміі ГДР перадалі на вёску і падрабілі дакумэнты — рублі перарабілі ў нямецкія маркі. Мы вымушаныя былі зьехаць у 1997 годзе за мяжу праз пагрозу арышту. Тады ў Беларусь прыехала камісія на ўзроўні Бундэстагу. І камісія здолела даказаць, што гэта была фальсыфікацыя.

З 1998 году, калі вярнуліся, Генадзь Грушавы пачаў будаваць моладзевыя праграмы. Казаў, што на перамены можна спадзявацца толькі з моладзьдзю. Ён ладзіў «Майстэрні будучыні», цяпер бы гэта назвалі воркшопамі.

«Мы робім дзяржаўную справу, не перашкаджайце нам»

— На пачатку 1990-х усю нагрузку па аздараўленьні дзяцей замест дзяржавы ўзялі на сябе грамадзкія арганізацыі, якія толькі паўсталі і шмат чаму яшчэ самі вучыліся. Не было крыўды на дзяржаву за такія наезды?

— Дзяржава ўсё ня можа ахапіць. Людзі самі павінны ўдзельнічаць у вырашэньні многіх праблем. Так, мы рабілі тады справу дзяржаўнай важнасьці. Хаця б не перашкаджалі! Але тагачасная Беларусь была зьлепкам савецкай сыстэмы. Любая дзяржава — гэта элемэнт гвалту. Часам з высакароднай мэтай — прымусіць рабіць тое, што чалавек ня хоча, а гэта неабходна рабіць.

А ў дэмакратыі прынцып такі: дзяржава дае магчымасьць, дае структуру, акрэсьлівае рамкі, а людзі ўжо самі ўдзельнічаюць у рашэньні дзяржаўных задач. І вось гэты прынцып «participation», удзелу — галоўны ў ажыцьцяўленьні дэмакратыі. Калі чалавек не навучыцца браць на сябе адказнасьць, зьмяняць сваё жыцьцё ці жыцьцё невялікай ячэйкі, ён ня можа быць у дэмакратыі. Чым больш дзяржава бярэ на сябе адказнасьці і абавязкаў і лічыць, што толькі яна можа ўсё правільна зрабіць — тым менш дэмакратыі застаецца.

У свой час і ў Нямеччыне так было. Людвіг Эрхард (у 1960-я гады быў канцлерам Нямеччыны) прасунуў такі прынцып: «Дзяржавы павінна быць роўна столькі, колькі патрэбна людзям».

Гэты прынцыповы падыход нам вельмі спадабаўся. І мы стараліся дзеяньнямі пераканаць улады: «Мы робім дзяржаўную справу, не перашкаджайце нам». У нас у Фондзе людзі былі адухоўленыя. А дэвіз Фонду быў — «Зьменім сваё жыцьцё і жыцьцё іншых да лепшага». У нас не было трыюмфальнага шляху — спрэс былі перашкоды: камяні, шыпы...

У 2020 годзе ў Беларусі людзі таксама хацелі паўдзельнічаць, пайшлі ў камісіі назіральнікамі, патрабавалі сумленна палічыць галасы. Потым выйшлі на мірныя пратэсты. Але гэта дзяржавай было ацэнена — зьнішчыць! І цяпер вялікая колькасьць самых разумных, ініцыятыўных, сумленных, крэатыўных — у турмах, а частка зьехала за мяжу.

Аднавіць усё будзе вельмі складана: шмат людзей за кратамі, шмат зьехала

— Ёсьць у вас надзея, што зьменіцца штосьці? Ці шмат тых, хто зьехаў, вернуцца? Ці ёсьць будучыня ў Беларусі?

— Пакуль чалавек жыве — ён спадзяецца. Вацлаў Гавэл казаў, што, у адрозьненьне ад аптымізму, надзея — гэта дзеяньне, але ты ніколі ня ведаеш, чым гэтае дзеяньне скончыцца. Людзі спрабуюць штосьці рабіць. І за мяжой, у дыяспарах. І дома ў сябе людзі перажываюць фрустрацыю ад таго, што не атрымалася, але ўсё адно шукаюць магчымасьці, думаюць, як быць зь дзецьмі, як дзяцей настройваць, ці падладжвацца пад сыстэму, бо яна падаецца вечнай. Але нішто ня вечнае пад Месяцам — нават Савецкі Саюз разваліўся. Трэба жыць асэнсавана. А прагнозы — справа няўдзячная, калі гэтая магчымасьць зьявіцца.

Я ў адным перакананая: калі такая магчымасьць рэальна зьявіцца, то нават людзі, якія пусьцілі карані на Захадзе, яны будуць вельмі вялікай падтрымкай і дапамогай для сваёй краіны. І гэта вельмі хутка адбудзецца.

Аднавіць усё будзе вельмі складана: шмат людзей за кратамі, шмат зьехала. Чалавечы патэнцыял зьнішчаны. Рэальна ў сябе ў краіне мы пакуль нічога зьмяніць ня можам.

Ёсьць суцяшэньне ў мяне. Я прыгадваю дзьве кітайскія мудрасьці. Адна — «Дзе бруд, там жыцьцё». А другая — «Дай вялікаму яшчэ больш вырасьці, і яно разьляціцца». Я для сябе абрала гэтыя суцяшальныя фразы. Мяжа гвалту, свавольству павінна ж быць! Жыцьцё працягваецца. Трэба знайсьці свой модус жыцьця і не прагінацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG