Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы чарнобыльскія людзі», — Сьвятлана Алексіевіч пра тое, чаму Чарнобыль так і ня стаў зьявай, пра якую гавораць


Прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Тамковіча Павераны ў справах ЗША Робэрт Райлі і пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч
Прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Тамковіча Павераны ў справах ЗША Робэрт Райлі і пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч выступіла на дыскусіі «Чарнобыль: паміж мінулым і будучыняй».

У менскім Міжнародным прэс-клубе 12 красавіка адбылася дыскусія «Чарнобыль: паміж мінулым і будучыняй» і прэзэнтацыя нямецкага перакладу кнігі журналіста Аляксандра Тамковіча «Чарнобыльскі шлях. Ад катастрофы — да саду надзеі».

Беларускамоўны варыянт кнігі Аляксандра Тамковіча выйшаў увесну 2016 году пры падтрымцы амбасады Нямеччыны ў Беларусі. Выданьне прысьвечана памяці стваральніка Беларускага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобылю» Генадзя Грушавога.

Кніга «Філязофія дабрыні. Ад катастрофы — да саду надзеі» зьмяшчае 42 артыкулы. Сярод аўтараў — Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Някляеў, Юры Хашчавацкі, Валярына Кустава, Генадзь Кесьнер, Сяргей Ваганаў, Аляксей Марачкін, журналістка Радыё Свабода Алена Панкратава.

Кніга Аляксандра Тамковіча «Філасофія дабрыні»
Кніга Аляксандра Тамковіча «Філасофія дабрыні»

Раней кніга была прэзэнтаваная ў Менску і Бэрліне.

У імпрэзе ўзялі ўдзел старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, рэжысэр Вячаслаў Нікіфараў, прадстаўнікі дабрачынных ініцыятыў зь Нямеччыны і Беларусі, дыпляматы.

Супалі дзьве катастрофы

Падчас дыскусіі «Чарнобыль: паміж мінулым і будучыняй» выступіла аўтарка «Чарнобыльскай малітвы», нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

«Я думаю, што ўсё стала больш складана. Тады, у першыя гады, калі я пісала кнігу, я сустракалася з узрушаным чалавекам. То бок здарылася тое, пра што ніхто ня мог нічога сказаць, нічога патлумачыць. Людзі не разумелі, што гэта такое. І яны толькі адно разумелі, што дзяржава іх падманвае і ім трэба ратавацца. Гэта былі ўзрушаныя людзі.

І Генадзь Грушавы — гэта чалавек, пра якога трэба гаварыць, бо ён вельмі шмат зрабіў для чарнобыльскіх дзяцей і для разьвіцьця псыхалёгіі, сьветапогляду, каб мы маглі ўсьвядоміць, зразумець, што такое Чарнобыль. Тады ў нас такія людзі былі.

Сьвятлана Алексіевіч на прэзэнтацыі
Сьвятлана Алексіевіч на прэзэнтацыі

Але ўсё аказалася больш складаным, таму што супалі дзьве катастрофы — і сацыяльная, сацыялізм скончыўся. Праўда, ня ў нас, не ў Беларусі, а наогул — як ідэя скончыўся. І людзі былі занятыя гэтым. І касьмічная катастрофа, якую нельга было патлумачыць. Не было гэтых інструмэнтаў тлумачэньня (іх і дагэтуль няма) філязофскага, сьветапогляднага. І людзі да гэтага не былі гатовыя, гэта іх застала зьнянацку. І яны сёньня паціхеньку абжылі нават атам.

Калі сустракалася зь людзьмі, якія былі ў самых страшных ГУЛАГах, яны казалі, што і там можна жыць. Што чалавек — гэта такая істота, якая да ўсяго прыстасоўваецца. Калі вы не дасьце чалавеку шмат ведаў, то ён будзе жыць па-старому. І я думаю, што адно са злачынстваў улады — гэта тое, што Чарнобыль ня стаў той зьявай, пра якую гаварылі б. І адзін з самых цікавых дасьледнікаў гэтай тэмы Бандажэўскі не сядзеў бы ў турме. Тады мы маглі б больш супрацьстаяць гэтай бядзе, гэтай катастрофе. А так мы гэта пакінулі ўсё для будучых пакаленьняў. У нас саміх гэта не атрымалася. Я думаю, што сёлета будзе звычайны «Чарнобыльскі шлях», некалькі тысяч чалавек, ня больш.

Беларусы — чорныя скрыні, якія запісваюць інфармацыю для будучыні

Гэта насамрэч выклік з будучыні. Беларусы называюць сябе «чорнымі скрынямі», вось мы напэўна гэтыя «чорныя скрыні», якія і запісваюць інфармацыю для будучыні. І я рада слухаць людзей, якія нешта робяць. Я тут паслухала некалькі жанчын. Выбару ў нас няма. Мы толькі можам у меру сваіх сіл гэтаму процістаяць».

Аляксандар Тамковіч
Аляксандар Тамковіч

З Чарнобылем нам жыць вечна

Падчас імпрэзы Аляксандар Тамковіч пераказаў ідэяю Ірыны Грушавой, што дыскусіі «Чарнобыль: паміж мінулым і будучыняй» трэба праводзіць пастаянна і прысвоіць ім імя Генадзя Грушавога.

Сьвятлана Алексіевіч назвала гэту ідэю цудоўнай. Але яна лічыць, што патрэбен лідэр, які б усё гэта аб’яднаў:

«Я лічу, што мы знаходзімся ў небясьпечнай сытуацыі, адарваўшыся ад такой вялізнай краіны і спрабуючы нарэшце сваю культуру неяк знайсьці, яе межы, яе складнікі зьмястоўныя, зь усяго мінулага. І гэта вельмі складана, бо мы невялікая нацыя. Такая праца ў нас вялася толькі падпольна ці за мяжой. І ёсьць небясьпека, што мы пойдзем у нейкую правінцыйнасьць...

Падчас прэзэнтацыі
Падчас прэзэнтацыі

Нам сапраўды з Чарнобылем жыць вечна з пункту гледжаньня нашага чалавечага жыцьця. І тут было б проста здорава, калі б... ну, дзяржава гэтым не займаецца, значыць, гэтым павінны займацца мы. Нікога іншага няма.

Многія з вас былі за мяжой, і галоўны досьвед, які адтуль можна вынесьці, што людзі не чакаюць дзяржаўнай дапамогі, што прыедзе нейкая эліта і будзе гэтым займацца. А калі ўзьнікае нейкая праблема, людзі вырашаюць гэта самі, гэта і ёсьць грамадзянская супольнасьць. Калі што прывозіць з Захаду, не барахло нейкае ці электроніку, а прывозіць менавіта ідэі, іншы погляд на жыцьцё.

Мы жылі ў лягеры, мы ўсе лягерныя людзі

Яны ж свабодзе вучыліся 200-300 гадоў. А мы жылі ў лягеры; можна сказаць, што мы ўсе лягерныя людзі. І нельга зачыніць брамку лягера, як мы думалі ў 90-я гады і тут жа мы будзем свабодныя. Нічога падобнага, лягерны чалавек, калі ён выйшаў зь лягера, ён паняцьця ня мае, што такое свабода. Многія нашы праблемы гэта праблемы культуры. Таму што цана жыцьця нічога не каштуе. ГУЛАГ, вайна — гэта ўсё ўрэзалася ў нашу сьвядомасьць. Ну падумаеш, там хворыя дзеці. З гледзішча дзяржавы гэта няшмат каштуе.

Але што мяне ўразіла, калі я пісала кнігу... Было багата забруджанага мяса, дык яго дабаўлялі ў дарагую каўбасу. Я пыталася, чаму ў дарагую? А таму, што дарагой людзі многа ня купяць. Вось гэта езуіцтва, якое ў нас на кожным кроку забясьпечваецца тым, што мы самі ня цэнім сваё жыцьцё. А калі б мы аб’ядналіся, то ў нас у кожнай сям’і былі б дазымэтры.

Нягледзячы на тое, што мы адносімся да эпохі войнаў і рэвалюцыяў і для нас важныя барыкады, майдан (усе гэта, безумоўна, вельмі важна), але самае галоўнае — гэта Чарнобыль. Гэта галоўная падзея. І вось вельмі шкада, што мы гэтага не зразумелі.

Барыс Пятровіч называў шмат твораў, я ўсё гэта прачытала, але яны на ўзроўні разуменьня дачарнобыльскага чалавека. А мы ўжо чарнобыльскія людзі. Мы ўжо іншыя. З усьведамленьнем таго, што нам тут жыць, гэта наша зямля.

Я нядаўна была ў чарнобыльскай зоне, і мне гэта прыгожа. А ехаў са мной нямецкі рэжысэр, ён казаў: «Божа, які жах!» А для мяне гэта жах, але і прыгожа. Гэта складаныя пачуцьці, якія на чужой зямлі ты не здабудзеш ніколі. І таму важна нам, вядома, вырашыць вельмі шмат культурных праблем, з гэтага ўсё пачынаецца. А потым ужо і палітычныя. А так гэта вельмі складана, мы ходзім па зачараваным коле«.

Арганізатары дыскусіі «Чарнобыль: паміж мінулым і будучыняй» і прэзэнтацыі нямецкага перакладу кнігі «Чарнобыльскі шлях. Ад катастрофы — да саду надзеі» — міжнародная рада «Будучыня — дзецям Чарнобыля», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Міжнародны прэс-клюб. Імпрэза падтрыманая культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG