У 2020 годзе за Ціханоўскую прагаласавала каля трох мільёнаў чалавек. Зьехалі, магчыма, 250 тысяч. І непрыняцьце Лукашэнкі ў беларускім грамадзтве, як можна сабе ўявіць, за гэтыя гады толькі вырасла і чакае свайго часу.
Дык што рабіць, калі вы засталіся на тэрыторыі Беларусі? У мяне амаль няма адпаведнага досьведу, але з парадамі справа ня ў тым, даваць іх ці не, а ў тым — прымаць ці не. Таму вось некалькі думак — можа, камусьці яны будуць карыснымі ці хаця б натхняць на ўласныя разважаньні.
Чытайце клясыкаў
Так, чытайце: напрыклад, пра жыцьцё савецкіх дысыдэнтаў, якім даводзілася не лягчэй, чым вам. Ці, наадварот, таго ж Уладзіміра Леніна, каму помнік стаіць у кожным беларускім горадзе. Ня тыя творы, дзе ён піша пра камунізм, а тыя, дзе зь веданьнем справы разважае пра мэтодыку рэвалюцыйнай барацьбы. Вось у яго досьвед на гэтай ніве быў багаты. Вы, напэўна, лепш за тых, хто ў замежжы, ведаеце, што жарты скончыліся і Беларусь у наступныя гады будуць спрабаваць ператварыць ва ўсходнеэўрапейскую вэрсію Туркмэністану і КНДР. Уладзімір Ільліч і ягоныя таварышы мелі б што тут параіць.
Інфармацыйная бясьпека
Ня будзьце лёгкай здабычай для рэжыму. Не разважайце пра палітыку зь незнаёмцамі ў чат-рулетцы і з малазнаёмымі ў курылцы. Не пакідайце ў інтэрнэце ад свайго імя публічныя камэнтары на палітычныя тэмы (а лепш не пакідайце іх увогуле). Чытайце забароненыя СМІ толькі так, як людзі ў свой час слухалі Радыё Свабода падчас савецкага рэжыму ці як Штырліц у савецкім фільме прымаў шыфроўкі з Масквы: з выкананьнем усіх захадаў перасьцярогі. Лепш быць празьмерна пільнымі, чым недастаткова пільнымі. Лепш быць незасьвечанымі, чым засьвечанымі. Вы павінны быць на волі, а не ў турме.
Жывіце звыклым жыцьцём абываталя
Хадзіце на працу. Будзьце на добрым рахунку. Балятуйцеся ў райсавет ад партыі «Белая Русь». Інфільтруйцеся ў рэжымныя арганізацыі і ўстановы — цяпер сапраўды надышоў час «малых справаў» і падпольля. Не саромейцеся «дапамагаць» рэжыму, калі адчуваеце, што патэнцыйная шкода, якую гэта дазволіць нанесьці дыктатуры, пераважае дапамогу і спрыяньне. Хіба што не заплямце сябе злачынствамі на службе дыктатуры — прынамсі такімі, дзе пацярпелі б нявінныя людзі. Іншымі — плямцеся, калі гэта не перашкаджае справе вызваленьня. Вучыцеся не гаварыць усёй праўды і выбіраць бясьпечныя фармулёўкі з каменным тварам. Вучыцеся жыць ва ўмовах, калі немагчыма ня быць калябарантам. Вучыцеся кансьпірацыі.
Будзьце гатовыя да пераменаў
Усе памятаюць пра памылкі 2020 году. Усе ведаюць пра памылкі 2015, 2010, 2006 гадоў. Іх ня трэба паўтараць. Як было напісана ў пачатку: чытайце кнігі, набывайце карысныя пратэставыя навыкі. Яднайцеся з маленькімі групамі аднадумцаў — тых, каму цалкам давяраеце.
У вырашальны момант будзьце гатовыя дапамагчы вярнуцца тым, хто гатовы да гэтага
Магчыма, гэтыя людзі — хоць каліноўцы, хоць кабінэт Ціханоўскай — да гэтага вырашальнага моманту і да наступнага этапу падзеяў будуць падрыхтаваныя нават лепш за вас.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.