«Вясна» сабрала факты і статыстыку перасьледу беларусаў за антываенную дзейнасьць. У Беларусі да гэтага часу перасьледуюць за адкрытую падтрымку Ўкраіны і прысуджаюць адміністрацыйныя арышты.
- Па стане на 18 кастрычніка 2023 году ў Беларусі было 13 асуджаных за дывэрсіі на чыгунцы агулам на 199,5 года няволі.
- За перадачу фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі ў СМІ асуджаныя ня меней за 35 асобаў,
- за намер ваяваць на баку Ўкраіны — 13 чалавек.
- Ня менш як 26 асобаў зазналі перасьлед за публічнае асуджэньне расейскай агрэсіі, данаты беларускім добраахвотнікам і падтрымку Ўкраіны.
- У першыя паўтара месяца вайны ў Беларусі за антываенныя акцыі затрымалі больш як 1500 чалавек.
- Агулам за праявы антываеннай пазыцыі затрымлівалі не меней за 1614 беларусаў і беларусак.
- Зь іх 79 асобаў асуджаныя паводле крымінальных справаў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў.
Затрыманьні і катаваньні за ўдзел у антываенных акцыях
Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй Беларусі прайшлі 27 і 28 лютага 2022 году. За два дні ў Беларусі затрымалі больш як 1100 чалавек.
Удзельнікаў антываенных акцый перасьледавалі за адзеньне і сымболіку жоўта-блакітных колераў, за надпіс «Не вайне» на адзеньні, за ўскладаньне кветак каля ўкраінскай амбасады ў Менску.
Беларусы пратэставалі ня толькі ў сталіцы, але і ў большасьці рэгіёнаў краіны.
Прастрэленыя калені і рэкордныя тэрміны зьняволеньня «рэйкавым партызанам»
Расея актыўна выкарыстоўвае са згоды Лукашэнкі тэрыторыю Беларусі дзеля вайны супраць Украіны.
Шмат вайсковай тэхнікі перамяшчаецца па чыгуначных шляхах. З пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня беларусы выводзяць з ладу чыгуначнае абсталяваньне, каб перашкодзіць руху тэхнікі.
На сёньня вядома пра 13 «рэйкавых партызанаў», асуджаных агулам на 199,5 года няволі.
Інфармацыйная вайна
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за перадачу інфармацыі аб перамяшчэньні расейскай вайсковай тэхнікі беларускія ўлады завялі як мінімум 36 крымінальных справаў. Асуджана ня меней за 35 асобаў.
Іншы від антываеннага супраціву — так званая інфармацыйная вайна. Беларусы па ўсёй краіне фатаграфуюць калёны расійскай вайсковай тэхнікі і перадаюць інфармацыю ў праект маніторынгу вайсковай актыўнасьці «Беларускі Гаюн» або незалежным СМІ.
Праз тое, што амаль усе недзяржаўныя мэдыя прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», беларускія ўлады расцэньваюць перадачу ім дадзеных як «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК), удзел у экстрэмісцкім фармаваньні (арт. 361-1 КК) або нават «здраду дзяржаве» (арт. 356 КК). Усім, хто паведамляе пра перасоўваньні расейскіх вайскоўцаў, пагражае паводле арт. 361-4 ад двух да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. За «здраду» — ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.
Перасьлед за намер ваяваць за Ўкраіну
З пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну многія беларусы ўступілі ў беларускі полк (раней батальён) імя Кастуся Каліноўскага. Сілавікі пачалі затрымліваць беларусаў за намер ваяваць на баку Ўкраіны і спробы далучыцца да палку. Ім ставяць у віну замах на ўдзел у збройным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы (арт. 14 і 361-3 КК) або найміцтва (арт. 133 КК).
На сёньняшні момант вядома ня менш як пра 13 беларусаў, асуджаных за жаданьне ваяваць на баку Ўкраіны: Сяргей Грыбовіч, Андрэй Раптуновіч, Анатоль Міхайлаў, Андрэй Маслаў, Міхаіл Лістападаў, Яўген Карпаў, Сяргей Вайцюк, Аляксандар Айнутдзінаў, Кірыл Балахонаў, Павел Абозны, Ян Папковіч. Максім Стасюк, Васіль Якімаў.
Таксама ўлады перасьледуюць тых, хто ўжо далучыўся да палку Каліноўскага. 23 верасьня МУС прызнала аўдыторыю палку «экстрэмісцкім фармаваньнем». А 11 кастрычніка Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць стваральнікаў і ўдзельнікаў палку Каліноўскага.
У 2022 годзе сілавікі прыдумалі новы спосаб ціску і запужваньня тых нязгодных з уладай, хто знаходзіцца за мяжой — граміць кватэры. Сілавікі здымаюць відэа пагромаў, якія затым выкладваюць у сваіх тэлеграм-каналах. Спачатку яны здымаюць стан кватэры да вобшуку, затым паказваюць яе стан пасьля: раскіданыя рэчы і зламаная імі мэбля, выпатрашаныя шафы.
«Справа сьцягоў»
У сярэдзіне верасьня 2022 году сілавікі затрымалі пяць менчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны на фасадзе дома ў Менску. Супраць іх узбудзілі крымінальную справу за «злоснае хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў», паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу і зьмясьцілі ўсіх пад варту ў жодзінскую турму.
Але перасьлед затрыманых на гэтым не спыніўся. Праз два тыдні пасьля іх затрыманьня Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» канал у мабільнай аплікацыі Zello, празь які камунікавалі менчукі пры арганізацыі акцыі. Затрыманыя — Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая.
Сярод інкрымінаваных артыкулаў няма «злоснага хуліганства», на падставе якога палітвязьняў затрымалі і зьмясьцілі пад варту. Цяпер пяць чалавек абвінавачваюцца па больш цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1, 3 арт. 361-1 (стварэньне і ўдзел у «экстрэмісцкім фармаваньні») і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Ім пагражае да 7 гадоў калёніі.
Затрыманьні за данаты беларусам, што ваююць на баку Ўкраіны
36-гадовага праграміста зь Берасьця Леаніда Райчонка 17 кастрычніка 2023 году асудзілі на шэсьць гадоў калёніі за данаты беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Ўкраіны.
Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, летась ён пералічыў добраахвотнікам 400 даляраў на бронекамізэлькі. Другое ахвяраваньне ён зрабіў на суму 150 даляраў на карысьць «Prague Support Team» (аб’яднаньне беларусаў Прагі, якія зьбіраюць данаты і на іх закупляюць абмундзіраваньне, часам аксэсуары для зброі беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Ўкраіны).
За пералічэньне грошай палку Каліноўскага 21 кастрычніка 2022 году затрымалі Анастасію Петрачэнку. Завялі крымінальную справу, дзяўчыну зьмясьцілі ў СІЗА.
14 чэрвеня 2023 году ў Гомельскім абласным судзе Анастасію асудзілі на тры гады калёніі агульнага рэжыму.
Уладзіслава Яцэнку 16 студзеня 2023 году асудзілі на пяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ён таксама данаціў на патрэбы каліноўцаў.
Дывэрсія ў Мачулішчах
На вайсковым аэрадроме ў гарадзкім пасёлку Мачулішчы пад Менскам 26 лютага 2023 году прагучалі два выбухі. Пазьней стала вядома, што быў падарваны і выведзены з ладу расейскі самалёт далёкай выведкі ДРЛВ-50, які знаходзіўся на гэтым аэрадроме. Ён выкарыстоўваўся для навядзеньня расейскіх ракет на цэлі ва Ўкраіне.
Супрацоўнікі КДБ зладзілі апэрацыю дзеля выкрыцьця так званых «дывэрсантаў». У дамах дзясяткаў беларусаў ладзілі вобшукі, пасьля чаго іх дапытвалі і затрымлівалі. Частку пазьней адпусьцілі.
Пад перасьлед трапілі тыя, хто перасьледаваўся па адміністрацыйных палітычных артыкулах з 2020 па 2023 год.
Трэцяга сакавіка КДБ паведаміў, што па справе праходзяць каля 30 чалавек, супраць якіх завялі крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу (акт тэрарызму, зьдзейсьнены арганізаванай групай). А затрымана больш за 20 чалавек. Фігурантам крымінальнай справы аб дывэрсіі ў Мачулішчах можа пагражаць выключная мера пакараньня ў выглядзе расстрэлу.
Пазьней 10 чалавек, затрыманых на дзесяць сутак у СІЗА КДБ, адпусьцілі. На сёньня вядомыя прозьвішчы 13 чалавек, якіх затрымлівалі па гэтай справе.