Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь заняла апошняе месца ў Індэксе забароны катаваньняў сярод постсавецкіх краінаў


Катаваньні на Акрэсьціна ў 2020-м, архіўнае фота
Катаваньні на Акрэсьціна ў 2020-м, архіўнае фота

У 2022 годзе Праваабарончы цэнтар «Вясна» задакумэнтаваў 227 выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні да 89 жанчын і 138 мужчын.

Рабочая група па барацьбе з катаваньнямі Плятформы «Грамадзянская салідарнасьць», у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадзкіх арганізацый з васьмі краін рэгіёну АБСЭ: Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Малдова, Польшча, Расея, Таджыкістан і Ўкраіна — прадставілі штогадовы Індэкс выкананьня забароны катаваньняў.

Як піша «Вясна», Беларусь у Індэксе заняла апошняе месца, набраўшы ў 2022 годзе -95 балаў, што яшчэ ніжэй на два балы, чым за папярэдні год. За 2022 год і да гэтага найбольшую колькасьць балаў у Індэксе набрала Малдова, паказаўшы максымальны ўзровень выкананьня забароны катаваньняў.

У 2022 годзе Праваабарончы цэнтар «Вясна» зафіксаваў і задакумэнтаваў 227 выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні да 89 жанчын і 138 мужчын.

Экспэрты адзначаюць, што сытуацыя з выкананьнем права не зазнаваць катаваньняў і забароненых відаў абыходжаньня ў Беларусі «працягвае заставацца крытычна нездавальняючай». Нягледзячы на тое, што права не зазнаваць катаваньняў і іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага, зьневажальнага абыходжаньня гарантавана Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі, «у 2022 годзе, як і раней, праваабаронцы працягвалі фіксаваць новыя выпадкі катаваньняў і забароненага абыходжаньня з палітычных матываў, а таксама атрымлівалі новыя сьведчаньні аб такіх выпадках, якія мелі месца ў папярэднія гады».

«Да канца 2022 году засталіся нерасьсьледаванымі каля 5000 выпадкаў катаваньняў і забароненага абыходжаньня ў дачыненьні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Разам з тым у дачыненьні да 51 заяўніка былі ўзбуджаныя крымінальныя справы за ўдзел у пратэстах», — адзначаюць праваабаронцы.

Супрацоўнікі ізалятараў, паводле іх інфармацыі, «не хаваюць, што такія ўмовы ствараюцца на загад кіраўніцтва». «Усе спробы абскардзіць заведама злачынныя дзеяньні супрацоўнікаў сутыкаюцца з процідзеяньнем пракуратуры і вышэйстаячых органаў МУС», — паведамляюць у «Вясьне».

Экспэрты таксама зазначаюць, што суды ў Беларусі сталі інструмэнтамі палітычных рэпрэсій, судовая ўлада канчаткова страціла рысы самастойнасьці, што прывяло да яе поўнай дэградацыі, пры гэтым назіраецца таксама паўсюднае парушэньне права на абарону.

Індэкс забароны катаваньняў — інструмэнт ацэнкі паўнаты рэалізацыі забароны катаваньняў, распрацаваны Рабочай групай у 2020 годзе.

Індэкс лічыўся па кожнай краіне і зьмяшчаў ацэнкі

  • дзяржаўнага мэханізму рэагаваньня на катаваньні,
  • судовага кантролю,
  • наяўнасьці нормаў у нацыянальным заканадаўстве,
  • узроўню забесьпячэньня працэсуальных гарантый, якія працуюць на прэвэнцыю катаваньняў,
  • мэханізмаў і сродкаў прэвэнцыі катаваньняў, якія працуюць у краіне,
  • ступені прыняцьця дзяржавай міжнародных абавязаньняў у галіне забароны катаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG