Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Кірыл заявіў, што ядзерная зброя ў Расеі створаная «божым промыслам»


Архіўнае фота. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін (зьлева), міністар абароны РФ Сяргей Шайгу (у цэнтры) і патрыярх Кірыл, 2017 год
Архіўнае фота. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін (зьлева), міністар абароны РФ Сяргей Шайгу (у цэнтры) і патрыярх Кірыл, 2017 год

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заявіў, што расейская ядзерная зброя была «божым промыслам» і дазволіла Расеі застацца «незалежнай і свабоднай», цытуе яго ТАСС.

Заяву аб паходжаньні расейскай ядзернай зброі патрыярх Рускай праваслаўнай царквы зрабіў падчас цырымоніі ўзнагароджаньня ганаровага навуковага кіраўніка фэдэральнага ядзернага цэнтру Радзія Ількаева ордэнам прападобнага Сергія Раданескага I ступені.

«Калі б ня праца Курчатава, Радзія Іванавіча [Ількаева], іх калег, субратоў, цяжка сказаць, ці існавала б наша краіна. Яны стварылі зброю пад покрывам прападобнага Серафіма Сароўскага, таму што па невымоўным божым промысьле гэтая зброя стваралася ў прыстанку прападобнага Серафіма. Дзякуючы гэтай сіле Расея засталася незалежнай, свабоднай», — заявіў патрыярх Кірыл.

У горадзе Сароў у Ніжагародзкай вобласьці РФ, дзе з 1778 па 1833 гады жыў іераманах Серафім Сароўскі, якога пазьней прылічылі да ліку прападобных, на месцы манастыра, названага ў яго гонар, у сярэдзіне XX стагодзьдзя адкрылі канструктарскае бюро, дзе пад кіраўніцтвам фізыка Ігара Курчатава распрацоўвалі ядзерную зброю.

Патрыярх Кірыл і раней неаднаразова падтрымліваў расейскую агрэсію ва Ўкраіне і нават зладзіў 20-хвілінную лекцыю празь відэасувязь папу рымскаму Францішку, пасьля чаго кіраўнік каталіцкай царквы заклікаў патрыярха Кірыла не апускацца да ўзроўню «пуцінскага алтарніка».

  • 18 кастрычніка Дзярждума Расеі прыняла ў другім і трэцім чытаньнях законапраект аб адкліканьні ратыфікацыі Дамовы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў, прыняты на сэсіі Генасамблеі ААН у 1996 годзе.
  • У сучаснай Расеі ядзерных выпрабаваньняў, зьвязаных з выбухам рэальнага ядзернага зараду, не праводзілі. Апошняе выпрабаваньне ў СССР правялі ў 1990 годзе. У лютым 2023 году Пуцін даручыў забясьпечыць гатоўнасьць палігона на Новай Зямлі да выпрабаваньня ядзернай зброі, калі ЗША правядуць яго першымі.
  • У верасьні 2023 году прэзыдэнт Нацыянальнага дасьледчага цэнтру «Курчатаўскі інстытут» і сябар Пуціна Міхаіл Кавальчук прапанаваў выпрабаваць ядзерную зброю на Новай Зямлі, каб «напалохаць Захад».
  • 25 сакавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі.
  • У канцы чэрвеня Лукашэнка заявіў, што «большая частка» расейскай ядзернай зброі, якую плянавалі перамясьціць у Беларусь, ужо знаходзіцца ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG