Вывад зь Беларусі наймітаў расейскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэр» істотна не паўплывае на бясьпеку польскай мяжы, заявіў міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў у інтэрвію мясцовай радыёстанцыі wnet.fm.
Прычына — беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні, мэта якіх — «вядома, дэстабілізацыя», лічыць Раў. «Акрамя таго, цяжка сказаць, у якім аб’ёме ядзерная зброя будзе разьмешчаная ў Беларусі, так што з гэтага пункту гледжаньня прысутнасьць групы „Вагнэр“ шмат чаго сюды не прынесла, і таксама мала што зьменіць факт яе вываду ў Расею», — сказаў кіраўнік МЗС Польшчы.
«Самым галоўным» міністар лічыць адсутнасьць сумневаў у тым, што адкрыцьцё «міграцыйнага фронту» на беларуска-польскай мяжы было «прэлюдыяй да заплянаванага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе» і спробай «дэстабілізацыі Польшчы».
24 жніўня Свабода апублікавала і прааналізавала эксклюзіўны спадарожнікавы здымак сэрвісу Planet Labs, які зафіксаваў актыўную фазу дэмантажу лягера вагнэраўцаў ля вёсцы Цэль, што пад Асіповічамі. Паводле нашых падлікаў, на той момант прыбралі траціну ад усіх намётаў: з 273 жылых намётаў каля 101 дэмантавалі.
Дэмантаж лягеру фактычна пацьвердзіў 25 жніўня Аляксандар Лукашэнка: «І гэтыя здымачкі з космасу, што мы нешта дэмантуем... Чаму мы лішнія палаткі прыбіраем — столькі ня трэба», — заявіў ён.
На пачатак верасьня ў Беларусі заплянаваныя апэратыўна-стратэгічныя вучэньні Калектыўных сіл Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы «Баявое братэрства — 2023». З 25 жніўня на беларускую тэрыторыю пачалі прыбываць вайсковыя падразьдзелы краін АДКБ.
У канцы месяца пройдуць «комплексныя вучэньні» беларускага войска.