Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белым доме афіцыйна пацьвердзілі перадачу Ўкраіне ракет ATACMS. Экспэрты расказалі, як гэта паўплывае на баявыя дзеяньні


Запуск ракет ATACMS. Ілюстрацыйнае фота
Запуск ракет ATACMS. Ілюстрацыйнае фота

Цяпер расейскае камандаваньне будзе вымушана ўлічваць патэнцыйнае выкарыстаньне Украінай ракет ATACMS пры прыняцьці апэратыўных і тактычных рашэньняў аб разьмяшчэньні сваёй тэхнікі, незалежна ад частаты такіх удараў.

Прэсавая прадстаўніца Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Адрыен Уотсан заявіла, што ракеты, якія «здольныя працаваць у радыюсе да 165 кілямэтраў», перадалі ў рамках «сталай падтрымкі народу Ўкраіны».

«Мы верым, што гэтыя ATACMS істотна ўзмоцняць баяздольнасьць украінскага войска бяз рызыкі для нашай вайсковай гатоўнасьці. Гэтая новая здольнасьць дае магчымасьць наносіць удары па глыбокім тыле арміі Расеі на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, каб пазбавіць расейскіх вайскоўцаў „прытулку“ на акупаванай тэрыторыі», — сказала Ўотсан.

Паводле яе, ЗША імкнуцца працягваць аказваць Украіне вайсковую дапамогу, «неабходную ёй для дасягненьня посьпеху на полі бою і ў барацьбе за свабоду і незалежнасьць».

«Выкарыстаньне ATACMS прымусіць Расею перамясьціць авіяцыю за лінію фронту»

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ўкраінскія ўдары ракетамі ATACMS па апэратыўна важных для Расеі аэрадромах на акупаваных тэрыторыях могуць прымусіць расейскае камандаваньне перамясьціць частку самалётаў на аэрадромы далей ад лініі фронту.

«Імаверная перадысьлякацыя расейскай авіяцыі далей ад лініі фронту, хутчэй за ўсё, сарве падтрымку абароны і лякальных наступальных апэрацый расейцаў», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 17 кастрычніка.

Паводле аналітыкаў інстытуту, асабліва гэта будзе датычыць расейскіх верталётаў, якія дзейнічалі на адносна невялікіх участках лініі фронту доўгі час, каб стрымаць наступ мэханізаваных украінскіх сіл у чэрвені і ліпені 2023 году.

«Разьмяшчэньне авіяцыі на большай колькасьці аэрадромаў таксама, імаверна, створыць для Паветрана-касьмічных сіл Расеі большыя праблемы ў сфэры іх каардынацыі і забесьпячэньня. Атрыманьне ракет далёкага радыюсу дзеяньня ATACMS таксама нясе істотную пагрозу для расейскіх складоў боепрыпасаў у тылавых раёнах і, імаверна, прымусіць расейскае камандаваньне выбіраць паміж умацаваньнем існых складоў або далейшым расьсейваньнем іх па ўсёй тэрыторыі акупаванай Украіны», — патлумачылі экспэрты ISW.

Паводле іх, цяпер расейскае камандаваньне будзе вымушана ўлічваць патэнцыйнае выкарыстаньне Украінай ракет ATACMS пры прыняцьці апэратыўных і тактычных рашэньняў аб разьмяшчэньні сваёй тэхнікі, незалежна ад частаты такіх удараў.

17 кастрычніка ва Ўзброеных сілах Украіны паведамілі аб маштабнай апэрацыі па зьнішчэньні расейскай вайсковай тэхнікі, авіяцыі і складоў з боепрыпасамі ў акупаваных Бярдзянску і Луганску.

Увечары 17 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім звароце паведаміў, што Ўкраіна выкарыстала супраць расейскіх войскаў амэрыканскія ракеты ATACMS.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG